1
Быў час, калі агню нідзе
на свеце не было ў людзей.
I цеплыня ім і святло —
усё ад сонейка ішло.
Зімой пакутаваў народ:
навокал сцюжа, снег і лёд.
Мароз гуляў, як гаспадар.
Амаль не грэла сонца з хмар.
Нагараваўшыся зімой,
прыйшлі да думкі ўсе такой:
— Ад сонца б іскрачку адну
прынесці ў нашу старану!
Тады б расклалі мы агонь
і грэліся каля яго.
А як бы гэта хто зрабіў,
калі не маюць людзі крыл?
Пасля надумаліся ўсе:
— Агонь нам птушка прынясе!
А птушкі дружна на зямлі
у часе тым з людзьмі жылі.
Пайшлі да птушак грамадой
з сваёй вялікаю бядой.
I вось гавораць птушкі ім:
— Далёка так не паляцім!
Не дапрасіліся ніяк!..
Адзін маленечкі сіняк
ляцець да сонца згоду даў,
чаго ніхто і не чакаў.
Вароны ўсе адразу ў крык:
— Ты прыкусіў бы лепш язык!
Не даляцець табе да хмар!
Загінеш ты!
Кар-р!
Кар-р!
Шкадуюць птушачкі усе:
– Маленькі вельмі ты, сусед!
Не ашчаслівіш ты людзей,
асіраціш сваіх дзяцей…
А сінячок дае адказ:
— Бясспрэчна, я слабей за вас!
Але ж агню няма бліжэй,
а ён патрэбен для людзей!
I паляцеў да сонца так
адзін маленечкі сіняк.
2
Ляцеў, ляцеў і прыляцеў,
там заспяваў вясёлы спеў.
Сваім вясёлым спевам тым
здзівіў ён сонейка зусім.
Ды як жа ты сюды? Адкуль?
Такіх здарэнняў на вяку
яшчэ ні разу не было!
— Ляту з палескіх я балот! —
I расказаў пра ўсё, як ёсць,
маленькі гэты сонцаў госць.
— Нялёгкі людзі маюць лёс.
Мяне прасілі, каб прынёс
адну хоць іскрынку для іх
з агнёў палаючых тваіх!
— Прыдумаць не магу ніяк,
што і сказаць табе, сіняк!
Калі агню табе я дам,
як занясеш яго людзям?
Пакуль пабачыш ты свой бор,
ці сам згарыш, ці твой убор!
— Ляцець памалу буду я.
Не спаліць іскрынка твая!
— Ну, што, сіняк, з табой рабіць?
Агонь, як бачыш, сам гарыць!
Вазьмі лучынку, прыпалі,
нясі, як зможаш, да зямлі!
Лучынку ўзяў ад сонца ён,
заціснуў дзюбкаю цаўё,
пасля лучынку прыпаліў
і паляцеў з ёй да зямлі…
3
Ляцеў, ляцеў і прыляцеў
ён да сваіх палескіх дрэў.
Ляціць над Прыпяццю-ракой,
Палессе бачыць пад сабой.
Яго вітаюць птушкі ўсе:
— Сіняк ляціць!
Агонь нясе!
Вітаюць людзі ўсе яго:
— Сіняк ляціць!
Нясе агонь!
Пачуўшы спевы, гоман той,
Сіняк пачаў ляцець стралой.
Агонь узняўся, абхапіў
яго ад галавы да крыл.
Увесь убор гарыць на ім,
закрыў яго адразу дым.
Але не выпусціў ніяк
лучыну з дзюбачкі сіняк:
прынёс агонь, аддаў людзям,
застаўся хоць без пер’я сам.
Пазагараліся кастры,
ад іскры полымя гарыць.
А сінячок хоць не памёр,
сядзіць галюткі ўвесь, без пёр.
Сумуюць птушкі навакол.
Адзін маленькі пасвісцёл
параду даў такую ўсім:
— Па пёрку мы яму дадзім!
— Для нас не будзе страты ў тым,
а ўбор адновіцца на ім!
Адклад нідзе на лад не йдзе,
адразу ж памаглі ў бядзе.
Здаецца, што — адно пяро!
А колькі пёр з усіх сяброў!
Дапамагчы быў кожны рад,
па пёрку ўсе сабралі шмат.
I аднавіўся зноў убор
на сінячку з сяброўскіх пёр.
У кожнай птушкі колер свой
зімой бывае і вясной.
На той — чырвоны, сіні — ў той,
зялёны, жоўты — на другой.
Ён сам калісьці сіні быў,
пакуль агонь не абпаліў.
Не называлі б людзі так,
каб іншы колер меў сіняк!
Цяпер, па памяці старой,
застаўся ўсё ж ён з назвай той,
хоць многа колераў на ім,
хоць стаў стракаты ён зусім.
Адзін пугач не даў пяра,
яшчэ пры гэтым дакараў:
— Яго я лётаць не прасіў!
Узняўся тут страшэнны сквіл.
На грубіянства і дакор
аж загудзеў зялёны бор.
Напалі ўсе на пугача.
Хто дзюбай б’е, хто з-за пляча.
Пачаў даводзіць нешта ён,
калі ж далі з усіх старон,
схаваўся ціхенька ў карчы,
ад злосці керкае, сычыць.
Сядзеў да цёмнай ночы там,
бо вінаваты быў ён сам.
Ад той пары яго нідзе
не ўбачыш ты у ясны дзень.
Калі у гнёздах птушкі спяць,
тады ён можа вылятаць.
Ад той далёкае пары
такі парадак у бары.
А сінячку нядрэнна ў ім.
Ён не баіцца нават зім:
пагрэцца у зімовы час
ляціць у вёску ён да нас.
Не страшны тут яму мароз:
агонь ад сонца ён прынёс.
Пагрэцца мае права ён!
Такі парадак з даўніх дзён
ідзе у нашай старане,
і ён ніколі не міне!