Уладзімір Дубоўка — Зацвітай, зара, на небасхіле

Уладзімір Дубоўка

Зацвітай, зара, на небасхіле,
зараніца, закрасуй ты ружай!
Што на свеце роўнага па сіле
знойдзецца да шчырай дружбы?

Злосць людскую скнара хай збірае,
абыходзім подласць мы здалёку.
А вось радасць, што цвіце над краем,
у юнацкіх сэрцах не замоўкне.

Яна з воч свіціцца светла-сініх,
яна з воч свіціцца васільковых,
і ў вачах не згасне, не застыне,
адгукнецца ў задушэўных словах.

Зацвітай, зара, ў ліловых сценях —
пунсавеюць і яны паволі.
Калі сёння думкі ў летуценнях, —
не загаснуць у жыцці ніколі.

Закрасуй ты кветкай, зараніца,
над прасторам родным з небасхіла,
каб краса, ў пялёстках што ільсніцца,
нас праменнем ясным азарыла.

Маладосці сіла залатая
з зараніцаю красуе ружай.
Сэрцам шчырым мы яе вітаем,
мы яе з табой і любім, дружа.

1926

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий