Справа змагароў неўміручая. Пра гэта сведчыць п’еса драматургічнага цыкла Уладзіміра Караткевіча "Кастусь Каліноўскі".
Тут мы назіраем наступнае: шматгалосы, падрыхтаваны да дзеянняў людскі натоўп у масавых сцэнах і рамантызаваны, прыўзняты над натоўпам вобраз правадыра. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 -1864 гадоў, публіцыст і паэт, палітык і ваяр, Кастусь Каліноўскі не проста вядзе да змагання ўзбунтаваную людскую грамаду, але кіруецца інтарэсамі цэлага народа, нацыі беларусаў.
Сялянскі рух паказваецца Уладзімірам Караткевічам без штучнай ідэалізацыі, у многім супярэчлівы і хаатычны. Момант ірацыяналізму прысутнічае ў наіўнай сялянскай веры ў "добрага цара". Паверыўшы ў тое, што паўстанцы імкнуцца схаваць ад народа падараваную царом волю, ізноў загнаць народ у прыгон, сяляне гатовы ўзняць зброю супраць паўстанцаў.
У першай сцэне п’есы мужыкі з Бахарэвічаў знаходзяцца за "паважным" заняткам: рыхтуюцца адцяць галовы захопленым паўстанцам — за тое, што яны нібыта хаваюць ад сялян "царскую міласць".
Словы Каліноўскага, звернутыя да сялян, пераконваюць іх у адваротным. Вядома, такі хуткі паварот падзей можа быць толькі ў творы, у якім рамантычныя элементы спалучаюцца з рэалістычнымі. Гэты эпізод пераконвае ў неабходнасці асветніцтва як абавязковай часткі нацыянальнага руху, панацэі ад ірацыяналізму масавай свядомасці, адзінага спосабу змагання з цямнотай, марнымі ілюзіямі. Шмат што залежыць і ад самой асобы асветніка.
Кастусю Каліноўскаму, аўтару славутай "Мужыцкай праўды", удалося тое, што не заўсёды было пад сілу некаторым інтэлігентам-дэмакратам сярэдзіны XIX стагоддзя, — патлумачыць мэту паўстання, выкласці асновы сваёй палітычнай праграмы ў зразумелай форме, заваяваць давер сялянства, прыцягнуць яго да ўдзелу ў супраціве.
Прамень рамантычнага святла, накіраванага на вобраз Каліноўскага, трапляе і на сялян. Мужыкі з Бахарэвічаў гатовы ісці ў паўстанні да канца, не губляючы чалавечай годнасці, прыняць лютую кару ад рук царскіх жаўнераў.
Характэрныя беларускія рысы, уласцівыя вобразу Каліноўскага, перадаюцца і астатнім персанажам. Некаторыя ж якасці якраз ярчэй высвечваюцца праз вобразы прадстаўнікоў сялянства, "аратых". Гэта — народны гумар, самаіронія.
Мужыкі цягнуць на плаху збяднелага шляхціца Зарубу, які для іх таксама "пан", а значыць, вораг. Але пад пагрозаю смерці гэты ганарлівы панок, "фанфарон-рыцар", пачынае сыпаць досціпамі, па-народнаму хлёсткімі, часам грубаватымі, высмейвае і сваіх мучыцеляў, і сваё незайздроснае становішча:
"З а р у б а. …Гэй вы, мякінныя галовы, гродзенскія гракі, бручкаеды, бульбаглоты, глядзіце, як памірае беларускі дваранін, тысячу д’яблаў і пудовую свечку кожнаму з вас…
Рогат.
Г а р э л і х а. Чаго ж ты лаіссі, чаго?!
З а р у б а. З вамі іначай — як? Вы ж, халеры, і памерці як я, не сумееце.
Я ў х і м. Заторкніся!..
З а р у б а. Гэта часам не ты, Яўхім, сваю варону ў Вільні пазнаў?
Я ў х і м і х а. Не руш мужыка!
З а р у б а. Гэта часам не ты па бабскім сваім разуменні свінню за губернатара палічыла?
Рогат.
І ці не ты гэта, Гарэліха, на ўвесь вялікі пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзіўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?
Г а р э л і х а. Цьху!
Я ў х і м. Досыць.
Зарубу цягнуць да пня.
З а р у б а. І ці не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалі?.. (Перад плахай). Стой. Пусціце рукі. Глядзі, Беларусь, як паміраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць ім на гэтыя пасконныя пузы. Не баяліся каралёў — не збаімося кароў… Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшніц з пекла выпусці… Га? Як для пакутніка…
Сеў, абхапіў пень нагамі. Мужыкі з нейкім нават спачуваннем ляпаюць яго па спіне. Чуваць выгукі: "Нічога, хлопча"; "Не палохайся"; "Гэта ў нас хутка". Паспрабавалі нахіліць яму галаву.
Прэч! Я на калені не стаў. То і пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.
К а с т у с ь. Чакайце, мужыкі!.. Чортаў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам…".
Зарубу выратаваў ад смерці не толькі яго, зразумелы простаму чалавеку, гумар. Герой, які так дабрадушна і трапна жартуе перад пагрозай смерці, на думку Каліноўскага, не можа здрадзіць.
Сімпатыю сялян выклікае тое, што Заруба апантана любіць жыццё і Бацькаўшчыну, Беларусь. Любоў да Радзімы -універсальнае пачуццё, уласцівае кожнаму маральна здароваму чалавеку, незалежна ад яго сацыяльнага становішча. Заруба ж у вачах мужыкоў — "яблык, што з панскай яблыні ўпаў на мужыцкую ніву". У нечым ён нагадвае Гервасія Выліваху з аповесці "Ладдзя Роспачы", Юрася Братчыка з рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — амбівалентных, гэта значыць шматвартасных герояў, у якіх дзіўным чынам спалучаюцца блюзнерства і вера, прыземленае і высокае.
У сцэне з панам Зарубам пераважае рамантычны спосаб паказу, але у ёй праглядаецца і адна значная псіхалагічная акалічнасць, уласцівая рэальнай асобе Кастуся Каліноўскага. Гэта -давер’е, амаль бясконцае і згубнае для героя ў тых абставінах. Ён не памыліўся ў Зарубе, але залішне даверыўся Вітаўту Парфіяновічу, які, мяркуе аўтар, стаў здраднікам.
У гэтым творы Уладзімір Караткевіч, мажліва, больш настойліва пільнуецца прынцыпу кантрасту ў пабудове характараў. Па адзін бок змагання — беззаганныя, сонечныя натуры, сапраўдныя рыцары, па другі — беспрасветныя нягоднікі, каты, такія, як генерал Мураўёў або Гогель. Зрэшты, бескарыслівых, чыстых душой і памкненнямі герояў, можна сустрэць і ў апавядальных творах У. Караткевіча — гэта Алесь Загорскі з рамана "Каласы пад сярпом тваім", Андрэй Беларэцкі з "Дзікага палявання караля Стаха", Косміч з рамана "Чорны замак Альшанскі". Як, дарэчы, і змрочных, безнадзейных ліхадзеяў, носьбітаў метафізічнага зла.
І ў межах рамантычнага метаду гэта не з’яўляецца спрашчэннем, таму што героі Караткевіча, станоўчыя або адмоўныя, не губляюць сваёй самабытнасці, яркіх індывідуальных рысаў. Гэтая думка знаходзіць пацвярджэнне ў п’есе "Кастусь Каліноўскі", у дыялогу-спрэчцы, якую вядуць два антыподы — Кастусь і адзін з "крумкачоў", паручнік Гогель:
"Г о г е л ь. Вы тупы, вузкі артадокс… Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы…
К а с т у с ь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі… хаця чатыры класы гімназіі — вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. І гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы — проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь".
Рамантычная афарбоўка характараў у п’есе зусім не азначае і спрашчэння аўтарскай канцэпцыі. Менавіта ў гэтым творы філасофскае асэнсаванне гісторыі мае асаблівую заглыбленасць. Аўтар блізкі да таго, каб вынайсці своеасаблівую формулу гісторыі, вядома ж, суб’ектыўную, мастацкую. Яна ў шмат чым прасвятляе сэнс пакут, страт і ахвяр, якіх дастаткова ў гісторыі.
Пераадоленне смерці бачыцца драматургу ў непарыўнасці лініі, што злучае лёсы герояў-змагароў з розных эпох. У спрэчцы паміж Каліноўскім і Мураўёвым-вешальнікам гэты момант ісціны выказваецца ў ёмістай, афарыстычнай форме:
"М у р а ў ё ў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі — а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы — парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму што за нас — жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. І кожны раз льецца кроў. І гінуць лепшыя, а не горшыя. І пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў. (…)
У вас блакітная сонечная кроў. Вы — сапраўдны дваранін, рыцар — не тое што гэтыя вырадкі. І вы са сволаччу.
К а с т у с ь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае — гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да "сволачы"?
Паўза.
Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця… на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды".
Пройдзе няшмат часу — і стары рэвалюцыянер, удзельнік паўстання 1863 — 1864 гадоў Зыгмунд Чаховіч прачытае па памяці пранікнёныя радкі "Мужыцкай праўды". Ягоным слухачом будзе не хто іншы, як Янка Луцэвіч, герой "Калыскі чатырох чараўніц".