Уладзімір Караткевіч — Кацёл з каменьчыкамі

Уладзімір Караткевіч

Увага! Поўны змест

  Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна — той і проста на падлозе.
  І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну.
  Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў.
  І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камяні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком — заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы.
  Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы.
  Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера — існае вочка зямлі — дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай.
  — Забыўся, што ў труны кішэняў няма, — горка пажартавала добрая Мар’я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае.
  Пакуль бацька быў, сяк-так перабіваліся, а тут…
  Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб’еўся, а другі — бо галодны. А дзеці — дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае — не.
  …Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар’і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся, свіння свіннёю.
  — Ну што?
  — Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной адраблю.
  — Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.
  Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.
  Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.
  Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам — прыніжэннем. Калі зразумеюць — пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: "Сільна і слёзна", як у старых кнігах пісалі:
  — Матухна!
  — Зязюленька!
  — Пакармі нас!
  — Хлебца дай!
  — Акраец!
  Што рабіць беднай Мар’і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.
  — Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас карміць.
  Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.
  Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка, — наядуцца. Варацца каменьчыкі — да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.
  Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, з торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя.
  — Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.
  — Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.
  — А што ж у катле варыш?
  — Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, — і прыўзняла крышку катла.
  — Гэт-та што такое?
  — Камні. Муж у войску — можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці — не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.
  — Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!
  — Не даў.
  — Д-добра, — сказаў незнаёмы. — Бяры кацёл. Пайшлі. Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?
  А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.
  "Але тут, — думае, — здужаю".
  Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.
  — Што ж ты, — паскардзілася Мар’я. — Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.
  — Маўчы, — сказаў той. — Глядзі, што будзе.
  — Так ёй, — сказаў Ігнат. — Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.
  А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў Россып. Дзецца няма дзе.
  Мар’я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.
  — Глядзі, жанчына, — сказаў незнаёмы.
  Тая зірнула — і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.
  — Збяры частку, пакладзі ў кацёл, — сказаў незнаёмы. — Пастаў варыць дзецям.
  У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла — камяні яшчэ падраслі.
  — Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.
  І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.
  Пачакалі яны крыху — з’явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.
  — Прынясі, кабета, матыку, — сказаў незнаёмы.
  Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.
  — Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок… І яшчэ раз загарні. А кусцікі ўжо амаль кусты.
  І вось на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.
  — Вось цяпер можаш іх памацаць на выбар, — сказаў незнаёмы. — Гэта як дзеці галодныя.
  І выняў два камяні з-пад куста.
  Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.
  — Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, — сказаў незнаёмы. — І з суседзямі падзяліся.
  — Ясна, — сказала Мар’я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух. — З суседзямі найперш.
  — Мне! Мне! — кінуўся Ігнат. — Мне перш за ўсё! Я іх кармлю-паю!
  — І на работу наймаеш? — спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці. — І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?
  — Мне! Мне! Наймаю, кармлю.
  — Добра, — сказаў незнаёмы. — Набяры кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.
  Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.
  — Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.
  — Слёзы, — сказаў незнаёмы. — Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў — такі і плод.
  — Мне! Мне! У мяне і камні.
  — Глядзі-і, — сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.
  — Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?
  — А што? Галадранцы. Самога з’ядуць, як мяккі будзеш.
  Незнаёмы махнуў рукой.
  Камні пачалі расці. Усе ўтрох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі — камні — камяні — камяніскі. Усё поле закрылі. Ігнат аж падскочыў.
  — Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне прыбяжыце. Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ.
  Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў.
  — Ну вось, маеш, — сказаў.
  — А чаму яны не зарываюцца?
  — А таму, што вечна ім заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасці, як кожнай нелюбові да людзей, як кожнай Несправядлівасці.
  І пайшоў з жанчынай да яе хаты.
  Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля — не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі.
  Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце "камяні" — усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат.
  А пасля незнаёмы ўстаў.
  — Пайду, — сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу.
  — Чым мне табе аддзячыць?
  — Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала.
  — Пайду пагляджу, як сусед. Звар’яцеў, пэўна.
  — Нічога. Я ж кажу… дабра ў нас хапала. Залішне.
  І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся — Мар’я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі.
  — Гэй! А імя ёй будзе — Бульба! — крыкнуў ім незнаёмы.
  І так з’явілася на Беларусі Бульба.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий