Быў калісьці – так, даўно, што Месяц толькі-толькі яшчэ з’явіўся на нашым Небе, – у людзей на зямлі такі паганы звычай: не карміць старых бацькоў.
Дзікія былі людзі. Дзікія-найдзікія. Аж цяпер сорамна ўспамінаць пра іх, такія дзікія. Як убачаць, што маці або бацька больш ахвотна на сонейку грэецца, чым косіць ці жне, дык адразу завозяць іх на калёсах або на санях у глухі лес, пакідаюць трохі ежы і едуць дахаты. А калі тыя хлеб з’ядуць, то або памруць з голаду, або застынуць, або дзікая зверына іх разарве.
Такі быў Закон. І хто Закона трымаўся, таго хвалілі. А хто не трымаўся, таго маглі выгнаць у дзікую пушчу.
Ты пачакай іх да канца вінаваціць. Страшэнна цяжка, у голадзе і холадзе, жылі тыя дзікія людзі. Частыя былі неўраджаі, таму запасаў аніякіх не было і быць не магло. А ўродзіць некалькі гадоў запар – з’явяцца ворагі. І ўжо абы аддай ім, або ляж у сечы. Таму кожныя рукі лічыліся: ці могуць яны яшчэ трымаць касу або меч? А калі ўжо не могуць, калі толькі кавалак да рота нясуць – нашто яны?
Адводзіў чалавек у лес старога бацьку і ведаў: ягоныя дзеці тое самае з ім зробяць. Як ты віншуеш, так табе і дзякуюць. Бо жылі гэтыя людзі па адзіным законе – законе карысці.
Дык вось, жыў сярод тых людзей у адной лясной вёсцы малады чалавек. А імя яму было Пятро.
– Глядзі, – аднойчы сказаў Пятру сусед Гнат, – бацька твой ужо вось-вось пачне кароткай касою ў місцы касіць. Рыхтуйся
– Да чаго? – нібы не зразумеў Пятро.
– Ваўкоў гадаваць.
А Гнат быў адзіны такі на вёску. І было ў таго Гната багата (таксама бедна, але болей, чым у суседзяў, і таму, як воўк за падлу, болей іншых трымаўся ён за Закон), і быў той Гнат самы большы гад. І голас меў у грамадзе.
Зірнуў Пятру на бацьку – сапраўды, у таго рукі-ногі саслабелі, за сахой не пройдуць, лука не нацягнуць. Зусім нямоглы чалавек.
І стала тут Пятро неяк непамысна. Ну нібы выпадкова муху праглынуў. Не ведае, што з ім такое. Проста кепска. А бацька глядзіць на яго і нічога не кажа.
Пятро забыўся на тую размову з суседам, ды надышла восень, і паклікалі яго пад вясковы супольны дуб. Прыйшоў ён, а там ужо грамада шуміць, віруе. І больш за ўсіх каламуціць ваду ў тым віры Гнат. Крычыць, рукамі махае, як малы.
– Чаго марудзіш, Пятро?! – гарлае, аж у вачах туман. – Гані ў лес ваўчыны недаедак.
– Ты чаго гудзіш, як свіння? – раз’ятрыўся на яго Пятро. – Чаго так пільна хочаш? Крыві чужой?
– Згінуў твой стары грыб. А калі згінуў, трэба яго рваць з коранем. А то ад яго і на здаровыя зараза пойдзе.
Грамада сумуе, але хто галасней крычыць, таго і слухаюць.
– Ты гэта, Пятро… таго… – сказаў урэшце другі сусед, Максім. – Ты, значыцца… гэна.
Нічога не зробіш. Пайшоў Пятро дахаты. Бацька паглядзеў на яго ўважліва і зняў з калка торбу.
– Кладзі лусту хлеба. Ды меней, меней…
– Дык нашто тады ўвогуле?
– Падумаю яшчэ нейкую ноч. Але ж з пустым жыватом думаць сумна… Сала не кладзі.
У хаце прыдасца. Малому… Так, Пятро, так. Закон такі. Ідзі запрагай каня.
Выйшаў бацька з хаты. Цяжкавата яму лезці на калёсы.
– Ты чаго так многа саломы паклаў? Ды мяккай, аўсянай?
– Дык назад жа прывязу.
Едуць вёскаю ў лес. Рэдкія сустрэчныя вочы хаваюць. А некаторыя і падбадзёрваюць старога:
– Нічога, хутка і мы за табою.
І толькі Гнат ля весніц на ўвесь свет гарладзёрыць:
– Правільна, Пятро! Няма чаго ў рот валачы, калі барану валачыць не можаш.
Пятро праехаў моўчкі.
Прыняў іх разам з калёсамі мокры і чорны лістападаўскі лес. Часцей і часцей пачалі трапляцца між дрэў аленевыя, а можа і чалавечыя косці.
Прыехалі. Зрабіў Пятро з яловага лапніку будан, паклаў у салому торбу. Нацягаў сушняку, насек яго дробна. Развёў цяпельца. Дастаў з торбы хлеб, сала, біклажку з віном.
– Гэта нашто? – спытаў бацька. – Бяры ўсё. І салому бяры.
– Татка, – глуха сказаў Пятро, – няўжо ты думаеш, што я цябе тут пакіну?
– І пакінеш. Бо закон. Заб’юць цябе, – сказаў бацька.
– Не бойся за мяне, – адказаў Пятро і паехаў. Заміргаў у гушчары за спіною агеньчык.
Знік.
Ноч у лесе, сутонне ў вёсцы. Гнат ля хаты зіркае на воз.
– Салому ўсё ж пакінуў?
– А што? Чысцей будзе!
Усю ноч праварочаўся ў хаце Пятро. А наступнай ноччу, пакінуўшы ў стайні каня, пайшоў крадком у пушчу. Доўга блукаў. Няма агню і няма. Усё, значыцца, ясна. Замарыў бацька агонь, каб лішне не мардавацца. Не паверыў. Дый праўда, не было такога яшчэ на свеце.
… Аж раптам… "Ёсць ён! Ёсць агонь! Ёсць!"
Бяжыць ён на агонь. Галіны яму вочы высцёбваюць. А агонь зусім згасае. І нібы згасае ля яго скручаная постаць.
– Татка! Татка! – крычыць ён і спяшаецца. То бацьку абдымае, то косці аленевыя збірае і кідае ў будан. Памерці захацеў. Не паверыў.
Ускінуў бацьку – лёгкага – на гершкі і нясе. А агонь за імі згасае-згасае. Згас. І чуе Пятро – мокрая ў яго патыліца.
– Ты што, плачаш?
– Плачу. За цябе. Цяпер можна расказваць. Ведаеш, чаму такіх дужа старых на вёсцы адзін я?
– Ведаю. Бітва была дзесяць гадоў назад.
– Так. Напалі. І мы ўсе, хто на парозе, – перад дарогаю ў лес – вырашылі патаемна: лепей ужо там легчы, чым ад сваіх… Усе палеглі, адзін я застаўся.
Прынёс Пятро бацьку ў хату, адгарадзіў частку каморы і зрабіў там пралазы на гару ды ў падпамосце. Адтуль – на панадворак. І там бацька стаў жыць. Глухой ноччу – у хаце, удзень – у падпамосці і на гары. А ноччу цёмнай і па двары патупае. Як ваўкі жылі, ад усіх хаваючыся. Але жылі.
У той год пала на людзей нібыта нейкая кара. Ураджай быў – на каціную долю, ледзь зіму перажыць.
"Нічога, – думалі людзі, – неяк дажывём да шчаўя. Адсеяцца – ёсць жыта ў ссыпных ямах. А там яно, можа, і ўрадзіць".
Аж не. Напалі якраз перад вясной суседзі (у іх яшчэ горш было), пачалі людзі з імі біцца.
Гарэлі свірны, усё насенне ў ямах папяклося – ні гаспадарам, ні суседзям, якіх адбілі.
Людзі спачатку раўлі пад супольным дубам, а пасля і рукі апусцілі: жывымі ў зямлю трэба класціся.
Прыйшоў Пятро дахаты дый кажа бацьку: так вось і так, усе паміраць будзем.
– Кара. Закон пераступіў, – кажа бацька. – Не шкадуеш?
– Не. Зіму разам. І цяпер – усе разам. Такі Закон – мой.
– Нашто ўсе разам? Хадзі, нешта скажу.
… І вось з’явіўся Пятро зноў пад дуб, дзе прыбітая маўчала ўся грамада.
– Усё, – толькі й сказаў сусед Максім, – цяпер дзяцей заб’ю, а пасля і сам. Ані зерня пасеяць… Ну, Пятро?
– Не трэба забіваць, – голасна сказаў Пятро. – Здыміце салому са стрэх. Ад застрэхі-капяжа і да сярэдзіны пакрыцця.
– І што? – скрывіўся Гнат.
– Абмалаціце. І падмяціце дошкі, што знізу падстрэшка.
І праўда, крылі ж страху, беручы неабмалочаныя снапы. Кінуліся людзі на стрэхі.
Абмалацілі салому. Змялі разам з пылам зярняткі (столькі іх нападала на падстэшкавыя дошкі). Набралі насення, каб хоць сяк-так засеяць ніўкі.
– І падзяліцеся сакрэтам з суседзямі, – сказаў Пятро.
– Чаго-о? – узвіўся Гнат. – Ды мы іх…
– Падзяліцеся. Іначай кепска будзе.
На радасцях падзяліліся. І – нібы ад палёгкі, нібы ад падзякі – жыта ва ўсіх пайшло густое, кашлатае, як мядзведзь.
– Чаму не да канца стрэхі загадаў агаліць? – спытаў Максім.
– А вось каб вымерзлі ўсходы – тады б аж да казлоў усе кроквы і латы агалілі, але знайшлі б што другі раз у зямлю кінуць.
– Вой, не на дабро такі розум, – сказаў Гнат. – Быці бядзе.
І як накаркаў. Пачало ўжо красаваць, пачало весяліцца жыта, калі аднойчы з’явілася над гаем вялікая галава. Ішоў Велікан. Не з добрых волатаў, а з тых, што народу ў шкоду.
Нагой ступіць – вада ў след набягае і робіцца стаў.
– Жыта якое! – загрымеў, як сто перуноў. – Тут і пасялюся.
Наламаў бярвенняў, зрабіў на самай гіганцкай асіне падмосце, а на падмосці з валуноў пабудаваў сабе замак.
– Тут буду сядзець. Збожжа збераце – з’ем. З-пад казлоў збераце, засеяце – і тое з’ем. А пасля вас саміх з’ем.
Паспрабавалі стрэлы ў яго кідаць – не далятаюць стрэлы да замка. Велікан стральцоў злавіў і з’еў, каб астатнім непавадна было. Смяротна затужылі людзі. Прыйшоў Пятро ў хату.
– Усё, татка. Цяпер прападаць будзем.
– Не шкадуеш?
– І ў соты раз я такі б Закон пераступіў. Цяпер – разам.
– Нашто? – спытаў нямоглы бацька. – Хадзі сюды…
І зноў сказаў Пятро людзям, што сабраліся пад супольным дубам:
– Нічога мы з ім, Веліканам, не зробім сілаю.
– А нашто сілаю? – высунуўся Гнат. – Я яму падарункі нашу. Хвалю.
– Ён цябе пазней за ўсіх з’есць… Не, людзі, не хваліць яго трэба, а сабраць дзяцей, асабліва сірот тых, з’едзеных, і хай кожны дзень пад тую асіну яны ходзяць ды плачуць, ды моляць.
– А што з таго? – здзекліва спытаў Гнат.
– Нічога. Толькі сіроцкая сляза мацнейшая за ўсё. А вам, дзеці, я нешта шапну на вуха, хадзіце сюды.
Тыя слухалі без слёз. Бераглі іх для дрэва і замка на ім.
Што раніца, то глухла наваколле ад плачу дзяцей пад волатам асінай. Ляжаць ніцма адзін да аднаго, плачуць, моляць Велікана. А той толькі з неахайнай барады чырвоныя дзёсны ды белыя зубы паказвае. Так ідуць хвіліны, дні, тыдні. Скора жніво.
– Ну і выплакаў нешта? – спытаў Гнат у Пятра.
А Велікан рагоча на дрэве, як жарабец, і не бачыць, што пад падмосцем зжоўкла лістота.
Гнат зноў баламуціць. І людзі ўжо з рукамі да Пятра падступіліся. А той стаіць спакойна і паверх галоў глядзіць на дрэва:
– А вы цярпенне майце.
… І вось падступіла ўначы дзікая хмара, пачалі з яе лупіць бліскавіцы, заварочаўся дзікай каменнай крушняй пярун, наляцеў ураган. Хр-аснула, ляснула аб зямлю ў хмарах смярдзючай парахні дрэва, з ракатаннем і грукатам пасыпаліся з яго каменныя брылы, пахавалі пад сабой Велікана.
І ўстала над гэтай бясслаўнай магілай вясёлка.
Засыпалі багатае збожжа ў сусекі і ямы. Велікана пазбавіліся. З суседзямі мір. Дык не, зноў муціць, падбухторвае людзей Гнат. Злуецца на іх і на ўвесь свет. І вось аднаго рання падступілі ўсе з доўбнямі ды з камянямі да парога Пятровай хаты.
– Не сваім гэта ён розумам, – насаджваецца Гнат, – гэта ён у Чорнай Сілы розум пазычыў.
– Праўда, – сказаў Максім. – Ты просты розумам. Як мы.
– Так, не сваім, – адказаў Пятро. – Бацькавым.
– Дык ты ж яго ў пушчу звёз?
– А ноччу назад прывёз.
– Не верце, – раве Гнат. – Конь і калёсы ў двары былі.
– А я на спіне. Як ён мяне малога.
– Глядзеў я, – залямантаваў Гнат, – косці ў будане.
– Аленевыя косці.
Пайшоў Пятро ў хату і вывеў адтуль бацьку:
– Жылі сілай, а розум забівалі. Жылі сённяшняй карысцю. Знішчалі "ўчора" і таму не мелі права на "заўтра".
– Гнаць іх у лес! – гарлае Гнат. – Закон пераступілі! Што ён такое дзецям сказаў, што дрэва з Веліканам ляснулася?!
– Забыў ты, – сказаў бацька, – што "сіроцкія слёзы дарма не мінаюць, пападуць на белы камень – камень прабіваюць".
Кінуў Гнат камень у Пятра – дзверы ў трэскі разнёс.
– Вось што, – сказаў тады Максім, – правільна ён зрабіў, пераступіўшы такі закон.
Болей таго не будзе. Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў… Кланяйцеся гэтым двум да долу, людзі!
І тыя пакланіліся.
– Ну а ты? – спытаў у Гната Максім.
– А я пры сваім, – сказаў той. – Я свайго, як час прыйдзе, завязу-такі ў пушчу.
– А мы не дамо, – сказаў Максім. – Наш ён цяпер, а не твой. А калі ўжо гнаць кагосьці ў пушчу, дык гэта цябе. Ідзі, вый там на ветах, воўк.
І тут натоўп зароў. Уся ярасць на Закон, увесь адчай і ўся палёгка вылілася ў рыку.
– Хай ідзе!
Той пачаў аддаляцца. Тады Максім спытаў у бацькі:
– Дык няўжо толькі слёзы бязбацькавічаў дрэва сушылі?
– Ну, не толькі, – усміхнуўся той, – і яшчэ нешта.
– А што ж тады?
– А гэтага ні я, ні дзеці вам пакуль не скажам, – адказаў Пятро. – На той выпадак, калі з’явіцца сярод вас хаця адзін на дзесяць тысяч такі вось Гнат. І вось калі пачне ён бацьку крыўдзіць, а тут наступіць яму на хрыбет бязлітасны Велікан – вось тады толькі хай бацька адплоціць яму дабрынёю за зло. Добрай мудрасцю за злосную дурасць. А мы пакуль памаўчым.
І людзі зарагаталі. А Гнат аддаляўся ў пушчу, як камяк былой нянавісці.
І так памёр Закон стары.
І так стаў новы Закон.
Адказы на пытанні:
1. Твор пакідае моцныя ўражанні. Цяжка уявіць, што былі такія часы, калі дзеці кідалі сваіх бацькоў у лесе. Гэта жорстка і не па-чалавечы. Нажаль, і сёння сустракаюцца такія выпадкі, калі дзеці не хочуць даглядаць сваіх бацькоў.
2. Падзеі ў творы адбываюцца "так даўно, што Месяц толькі-толькі яшчэ з’явіўся на нашым небе." Гэта былі дзікія часы, калі панавалі законы выжывання любой цаной. Такія былі законы, калі за іх не трымаліся, чалавека маглі забіць.
3. У дзікіх людзей быў закон – паганы звычай: не карміць старых бацькоў. Як толькі бацька ці маці не могуць працаваць, іх адвозілі ў лес і пакідалі там на верную смерць. Пятро парушыў гэты закон, таму што шанаваў і любіў свайго бацьку.
4. На долю вёскі выпадала шмат цяжкіх выпрабаванняў: вайна за ежу з суседзямі, нядобрыя ўраджаі, злы Велікан.
5. Пятро падказваў суседзям выйсце з цяжкіх сітуацый дзякуючы бацьку, які даваў яму парады зыходзячы з свайго вопыту.
6. Гнат – злы, зайздросны, нядобры чалавек, поўны злосці і нянавісці да ўсяго і ўсіх. Нават калі ўсе вырашылі не адвозіць бацькоў у лес, ён усё адно быў гатовы гэта зрабіць. Пятро быў супрацьлегласцю Гната – добры, мудры, сардэчны, смелы, гатовы ахвяраваць сабой, але не выдаваць свайго бацьку.
7. Велікан прыйшоў здалёк і пасквапіўся на багаты ўраджай вяскоўцаў. Людзей, якія спрабавалі з ім змагацца, ён з’еў. Сіраты па парадзе Пятра хадзілі плакаць і памінаць загінуўшых, прасіць Велікана памілаваць іх. Але той толькі пасмейваўся. Але ў адну навальнічную ноч наляцеў ураган і Велікана заваліла каменнем.
8. Словы бацькі вельмі мудрыя. Нельга жыць сённяшнім днём, забываць і знішчаць мінулае. Без мінулага няма будучага. Патрэбна жыць, апіраючыся на вопыт продкаў, слухаючы іх парады. Дзікія людзі думалі толькі аб выжыванні і карысці, амаль ніхто не задумваўся пра глыбінныя карані праблемы.
9. Максім сказаў наступнае: "Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках сваіх бацькоў…"
10. У гэтай літаратурнай казцы дзейнічаюць казачныя персанажы – Велікан, герою дапамагаюць сілы прыроды (навальніца забіла Велікана). Адметна і мова казкі – ёсць прыметы, прыказкі, ёсць трохкратныя паўторы (тры разы звяртаўся па дапамогу бацькі Пятро). Тут як і ў фальклорным творы ідзе барацьба са злом, дабро перамагае.