Уладзімір Караткевіч — Зброя

Уладзімір Караткевіч

  Тэматычна з раманам "Каласы пад сярпом тваім" звязана аповесць "Зброя". У ёй таксама дзейнічаюць Алесь Загорскі, Мсціслаў Маеўскі, браты-блізнюкі Кандрат і Андрэй Кагуты, "дзядзька" Кірдун. Дзеянне адбываецца зімой і вясной 1862 года ў Маскве, куды Алесь са сваімі сябрамі прыязджае, каб здабыць зброю для будучага паўстання і каб вызваліць з няволі Андрэя Кагута.
  Сам пісьменнік пра аповесць "Зброя" сказаў: "Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца" ("Літаратура і мастацтва", 3 снежня 1982 г.).
  Аповесць "Зброя" — гнеўная, выкрывальная сатыра як на самадзяржаўна-прыгонніцкі лад Расіі 60-х гадоў XIX стагоддзя, так і ўвогуле сатыра на лад, варожы і чужы чалавеку і цывілізацыі. Пісьменнік закрануў у ёй сур’ёзныя сацыяльныя праблемы, раскрыў норавы тагачаснага грамадства, асабліва маскоўскага дна з яго дзікімі законамі, з купляй-продажам, са зладзействам, подкупамі і даносамі, што, як балячкі, раз’ядалі і губілі грамадства і чалавека.
  Пра Маскву і яе жыхароў напісана нямала. Дастаткова згадаць папулярную кнігу "Масква і масквічы" Гіляроўскага. Уладзімір Караткевіч па-свойму расказаў пра белакаменную і яе норавы, у духу сатыры Гогаля і Салтыкова-Шчадрына. Ёсць у ягоным апавяданні горыч і гнеў, боль і абурэнне, іронія і сарказм.
  Галоўны герой твора, нібы Дантэ, спусціўся ў "такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто". Алесь убачыў, што "трэці Рым" трымаўся на трох кітах: дэспатычным самавольстве, нахабным прыгоне і патрыярхальнасці. Трапіўшы ў асяроддзе, дзе ўсё куплялася і прадавалася, ён падумаў пра перамогу, у якой "загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца", бо "колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю". Але ён адагнаў гэтую думку. Адзін з герояў аповесці, Чыўін, паведаміў Алесю, што нядаўна з Крамля выкралі гармату, выказаў упэўненасць, што злодзеі і цар-звон прынялі б, каб нехта купіў, і "каб дар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара".
  Сатырычнай, эзопаўскай мовай карыстаецца пісьменнік і тады, калі піша наступнае: "Як гэта ні дзіўна было, але руская навука, мастацтва, літаратура таксама знаходзіліся ў стане самага глыбокага крызісу… Астыла любоў да роднага слова і літаратуры нават у асвечанай праслойкі. Дваранства ледзь не канчаткова кінула родную мову і, у большасці сваёй, не чытала нічога, акрамя французскіх раманаў.
  Высока трымаў сцяг адзін Малы тэатр… Але і тут не было поўнага "ансамбля"… Волаты ігралі побач з пігмеямі".
  Людзі прызвычаіліся да такой сітуацыі. Пры агульнай абыякавасці нічога нельга было змяніць. Алесь жа не мог мірыцца з усім гэтым. Яму балюча і крыўдна было глядзець на аслепленых мядзведзяў, якія не хацелі дужацца і цягнулі лапы за падачкай, на зняможанага быка, які ішоў да сонца і волі. Рызыкуючы ўласным жыццём, герой хоча абнавіць, змяніць грамадства. Каб здабыць зброю для будучага паўстання, трапляе са сваімі сябрамі ў гэту памыйную яму. Але і там ён змагаецца. Змагаецца за лес жанчыны, хлопчыка, Сашкі Шчалканава, за іхнія надломленыя душы і загубленае жыццё.
  Чым жа можна вытлумачыць тое, што аповесць "Зброя" з’яўляецца адгалінаваннем рамана "Каласы пад сярпом тваім", а не яго працягам? Безумоўна, завяршэнню рамана перашкаджалі многія прычыны. Пісьменніку, відаць, у раманнай форме было надзвычай цяжка і балюча (для яго гэта вельмі асабістая тэма) паказаць паўстанне і яго трагічныя вынікі. Магчыма, для гэтага патрэбны быў новы падыход, іншае мастацкае вырашэнне тэмы. Ды і з цягам часу ў нейкай ступені змяніўся сам Караткевіч, характар ягонага светаўспрымання. Неабходна пры гэтым улічыць і спецыфіку ягонага таленту, які па-рознаму раскрываўся ў празаічных і драматычных творах. I, думаецца, справа не столькі ў тым, што ў ягонай гістарычнай прозе галоўны герой народжаны часцей за ўсё, як у класічным гістарычным рамане вальтэрскотаўскага тыпу, фантазіяй аўтара, а ў драмах выступаюць пераважна гістарычныя персанажы, колькі у сродках і спосабах мастацкага выяўлення.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений