Уладзімір Караткевіч — Жабкі і Чарапаха

Уладзімір Караткевіч

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам – вось яны і спявалі.
 I тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.
 – Жабкі, жабкі, добры дзень.
 – А ты што за цуда-юда? – спыталі жабкі.
 – Я Чарапаха.
 – Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць.
 – Ды ёсць жа я, – сумна сказала Чарапаха. – I як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.
 – Можам, – сказалі ўлешчаныя жабкі.

– Ку-ма, кума
Бор-ршчык вар-рыла.

 – Выдатна, – сказала Чарапаха. – Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.
 – А ты спяваць умееш?
 – Не. Я слухаць люблю.
 – Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.
 – I яна не ўмее, – сумна сказала Чарапаха. – Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.
 – Дык нашто ты нам тады? – спыталі жабкі.
 – А слухаць вас хто будзе? Хваліць.
 – Нас і так усе чуюць. I ўсе хваляць.
 – Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, – сказала добрая і разумная Чарапаха.
 – Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? – спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.
 – Плаваць умею. Ныраць.
 – Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?
 – Не, – уздыхнула Чарапаха.
 – Нічога ты не ўмееш… А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.
 – Я замест яе яйкі нясу, – сказала Чарапаха. – Вялікія.
 – Ф-фу, – сказала Галоўная, – яйкі… Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.
 I Чарапаха зарыпела:

– Свеціць месячык з гары
На глыбокія віры.
На шчытах у чарапах
Сіняе святло гарыць.

 – Словы нішто сабе, – сказалі жабы, – але голас? Бр-р-р!
 – Дык я б вам – словы, а вы б – спявалі.
 – Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:

– Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?
Борш, бор-ршч, бур-ракі.

 – Добрыя словы, – сказала Чарапаха, – але галасы ў вас лепшыя.
 – I што гэта за «шчыты ў чарапах»? – спытала Галоўная Жаба.
 – А вось тое, што на мне.
 – Гэта карычневае? – усхваляваліся жабы. – Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.
 – Жывыя, – сказала Чарапаха, – усе прыгожыя.
 – А чаму гэта брыда завецца шчытом? – спытала Маладзенькая Жабка.
 – Яна цвёрдая.
 – Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.
 Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра лапкай.
 – Вой! Яна ж як жалезная!
 – Ну і што? – сказала Чарапаха.
 – Цвёрдая!.. Голасу не мае!
 – Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.
 Але жабы ўжо разышліся.
 – Жалезная жаба, – зарагатала самая насмешлівая.
 – А мы мяккія жабкі. Зялёныя.
 – Жалезная! Гы-гы-гы!
 Чарапаха пачала крыўдаваць:
 – Кожная жывёла – розная. А я – карысная.
 – I мы кар-рысныя… А ў цябе голасу няма… Кар-рычневая…
 – Жаба ў танку, – пажартавала насмешніца.
 Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай :

– Бур-ракоў не было –
Бр-ручкі навар-рыла…

 …Ну і што? I ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.
 I нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот – на чатырох. I няхай сабе.
 Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе!

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 3.33 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений