Уладзімір Ягоўдзік — Мёд з каўбасою

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Прыехаў я сонечным майскім днём да бабы Анюты і дзеда Зміцера, падыходжу да іхняй сядзібы і бачу дзіва. У дзедавым садзе замест яблынь ды грушаў белыя і ружовыя воблакі стаяць, а каля іх касманаўт ходзіць! Так-так, самы сапраўдны касманаўт. Праўда, апрануты ў доктарскі халат, затое на галаве – лётчыцкі скафандр. То над адным нахіліцца вулеем, то над другім. Далей гляджу – да мяне прастуе. Падышоў, зняў з галавы скафандр – вачам сваім не веру: касманаўтам дзед Зміцер аказаўся!
  – Хадзем, паможаш пчолак паглядзець, – папрасіў маю персону, – можа, рамкай свежага мядку разжывёмся…
  У мяне, па праўдзе сказаць, і слінкі пацяклі. Я з ахвотаю надзеў пчалярскі капялюх, узяў у рукі дымар, з якога блакітнай стужачкай віўся дым. Спыніўся каля першага вулея, а ён гудзе – хоць вушы затыкай. Здаецца, вось-вось адарвецца ад зямлі, як касмічны карабель, і сігане ў неба.
  – Малайцы, пчолкі, шчыруюць, – радуецца дзед Зміцер, паднімаючы стрэшку вулея, і да мяне: – Пыхкні на рамку з сотамі, паглядзім, ці добры ўзятак.
  Як пыхкнуў я – з-за дыму зусім не стала вулея відаць!
  – Ну, сцеражыся цяпер! – незадаволена буркнуў гаспадар.
  I толькі ён так прамовіў – заспявалі над вухам разлютаваныя пчолы. Душа мая – у пяткі. Потым адна пчала куляю проста пад вока мне – бэц! Я аж зажмурыўся, забыўся і пра пчалярскую сетку на твары. Праз хвіліну расплюшчыў вочы і павесялеў. «Ага, – сам сабе думаю, – не праджаліць вам, галубкі, мой касманаўцкі скафандр!»
  Адно пацешыўся – нясцерпна заказытала на правай руцэ, якою трымаў дымар. Потым я-а-ак пекане! Не паспеў нават пашкадаваць, што рукавіцы не надзеў. Слёзы з вачэй, як боб, пакаціліся.
  Стаю – не варушуся. А дзед Зміцер, як назнарок, няспешна кешкаецца над вулеем, да кожнай смяцінкі ці шчылінкі прыглядаецца. Чую – дзесьці за вухам, у валасах, зноў тоненька зумчыць. I з кожным імгненнем усё мацней, мацней – дыхаць не хочацца. Нічога не кажучы, сунуў я дзеду ягоны дымар, а сам бокам, бокам ад вулея, пасля – як даў лататы! Бягу, а за мною, здаецца, цэлая хмара пчол ляціць. Я ў гумно. Дзверы на зашчапку. I знерухомеў, нібы скамянеў. Думаеце, схаваўся? Зумчыць пчалінае войска над галавою. Куды падзецца? У хату! Хутчэй у хату!
  Не помню ўжо, як апынуўся на кухні. Кручуся дзіцячым ваўчком ад печы да парога – прысесці баюся. Баба Анюта войкае, угаворвае скафандр сцягнуць з галавы, а я чую: і ў хаце пчаліны гуд! Тым часам рука мая – што калода стала.
  Нарэшце дзед Зміцер заявіўся. Сподачак сонечнага пахучага мядку прынёс.
  – Давай, памочнічак, – запрашае мяне, – падсоўвайся…
  Сліны ў роце – не скаўтнуць. Ды як ты праз сетку пасмакуеш? А мядок так пахне, так пахне – проста нос разрывае. Развязаў я матузы на шыі, сцягнуў з галавы капялюх пчалярскі. Ніякага бзычэння не чуваць. Дальбог, ад страху яно мне прымроілася. Толькі прысеў да стала, як раптам – бэц! – у губу, і пацямнела ў вачах.
  Гаспадары так і пакаціліся са смеху. А ў мяне праз некалькі хвілін верхняя губа аж да носа прыліпла.
  – Вось якія разумніцы мае пчолкі! – рагатаў на ўсю хату дзед Зміцер. – I мядочку далі, і каўбаску пад нос падняслі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий