Уладзімір Ягоўдзік — Нясвіжскі палац

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 У даўніну, пяць або шэсць стагоддзяў таму, падарожнікі і купцы, якім выпадала ехаць праз Беларусь, у сваіх успамінах нярэдка называлі нашу зямлю краінай замкаў і палацаў. Перад іх вачыма амаль праз кожныя 40–50 кіламетраў паўставалі магутныя каменныя ці цагляныя сцены з вузкімі байніцамі, заўсёды гатовымі належным чынам сустрэць варожую сілу. А бараніцца тады нашым продкам даводзілася часта: і ад крыжацкай навалы, і ад татарскіх набегаў, і ад маскоўскай няволі. Няшчадна шугала полымя пажараў. Ад весяў і мястэчкаў заставаліся адны галавешкі. Па некалькі тыдняў за трывушчымі мурамі трымалі аблогу, не здаваліся на літасць чужынцам абаронцы роднага краю. Адважныя і нязломныя, яны верылі ў перамогу. І здабывалі яе.
 Ад сівой незваротнай мінуўшчыны засталіся скупыя летапісныя радкі, курганы-валатоўкі ды рэшткі колішніх збудаванняў.
 Руіны замка ў Наваградку.
 Руіны замка ў Лідзе.
 Руіны замка ў Крэве, што ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці.
 Сумны пералік можна доўжыць і доўжыць. Але ёсць і шчаслівыя выключэнні. Каб упэўніцца ў тым, давайце наведаемся ў Нясвіжскі замак-палац, ацалелы да сённяшніх дзён, нягледзячы на шматлікія ваенныя віхуры.
 З пачатку XVІ стагоддзя Нясвіжам валодалі князі Радзівілы. Многія прадстаўнікі гэтага славутага роду вызначыліся і на ратным полі, і на ніве культуры. Так адзін з іх, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (мянушку яму прыдумаў вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст), у 1582 –1584 гадах здзейсніў паломніцтва ў Ерусалім, пасля чаго напісаў па-лацінску «Перэгрынацыю…» – кнігу падарожных нататкаў, якая шмат разоў перавыдавалася на розных мовах, у тым ліку і па-беларуску. Менавіта Мікалай Крыштаф і запрасіў з Італіі архітэктара Джавані Марыя Бернардоні спраектаваць на месцы колішняга драўлянага, магчыма, спаленага непрыяцелем замка новы – мураваны і непрыступны, варты імені і становішча Радзівілаў. Праз некалькі гадоў на правым беразе ракі Ушы, акаймаваная з усіх бакоў шырокім ровам-возерам, паўстала магутная крэпасць.
 Дарога да яе вяла па доўгім драўляным мосце, які пры неабходнасці хутка разбіраўся.
 Нясвіжскі замак вытрымаў нямала суровых выпрабаванняў. Цэлае стагоддзе ён лічыўся ці не самым дасканалым і ўмацаваным на Беларусі. Толькі ў маі 1706 года войска Карла XІІ здолела ўзяць штурмам радзівілаўскае гняздо. Абарончыя бастыёны шведы ўзарвалі, маёмасць разрабавалі.
 Мясцовыя дойліды пасля неаднойчы адбудоўвалі і перабудоўвалі замак. І ўрэшце ператварылі яго ў дзівосны архітэктурна-паркавы ансамбль. Асабліва ўражвае сам палац, падобны на казку, застылую ў цэгле і камені. І самавітая ўязная брама, нібыта ўрослая ў зямлю, і высокія вежы, што імкнуцца ў неба, і велічныя залы, дзе міжволі спыняешся са сцішаным сэрцам – усё тут дыхае жывой мінуўшчынай і прымушае задумацца пра будучыню Радзімы. Даўно на чужыну вывезены старадаўнія рыцарскія даспехі, карціны, летапісы, кнігі, слуцкія паясы… Але ніхто не здолеў вывезці, як незлічонае золата-срэбра, несмяротны дух Чорнай дамы, што і па сённяшні дзень блукае ў палацы – дух каралевы Барбары Радзівіл, атручанай хцівымі зайздроснікамі, якія не ведалі шчасця сапраўднага кахання. Дзесьці ў падзямельных лёхах-тайніках ужо амаль два стагоддзі хаваюцца ад людскіх вачэй 12 срэбраных апосталаў. Іх шмат разоў шукалі аматары лёгкай нажывы, кажуць, нават зусім нядаўна. Дарэмна намагаюцца. Апосталы вернуцца самі, калі адчуюць, што на Беларусі іх сапраўды чакаюць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий