Уладзімір Ягоўдзік — Славутыя людзі Зямлі нашай роднай

Уладзімір Ягоўдзік

Паводле Уладзіміра Ягоўдзіка

 
  У далёкай старажытнасці людзі налічвалі сем цудаў свету. Яны і цяпер усім добра вядомы.
  Егіпецкія піраміды. Калос Радоскі – гіганцкая статуя бога Сонца на востраве Радос. Сады Семіраміды, ці вісячыя сады ў Вавілоне, як яшчэ іх называюць. Храм Артэміды, што знаходзіўся ў горадзе Эфесе. Статуя Зеўса ў горадзе Алімпіі, аўтарам якой быў славуты скульптар Фідый. Галікарнаскі маўзалей, дзе быў пахаваны цар Маўзол. Маяк на востраве Фарос – самае высокае з усіх збудаванняў у старажытнасці.
  Кожны з гэтых дзівосных твораў дойлідства і скульптуры з’яўляўся непераўзыдзеным шэдэўрам мастацтва, яскравым помнікам чалавечага генія і людской стваральнай працы. Вельмі шкада, што большасць цудаў свету не захавалася да нашых дзён. Але чалавецтва было заўсёды багатае на таленты, якія апярэджвалі свой час.
  У шмат якіх краінах захаваліся сляды іх акрыленага натхненнем жыцця: адметныя архітэктурныя ансамблі, карціны, навуковыя і музычныя творы, паэтычныя радкі…
  Жылі такія творцы і на Беларусі. Яны пакінулі пасля сябе спадчыну, якая пераканаўча сведчыць – мы, беларусы, сказалі сваё слова ў гісторыі і можам смела глядзець у будучыню.
 
  Крыж-святыня
 
  У кожнага народа ёсць святыні, якімі мацней за жыццё даражылі мудрыя прашчуры і якія, нібыта нязгасныя паходні, асвятляюць шляхі іх нашчадкам. Для беларусаў такой святыняй з’яўляецца крыж Еўфрасінні Полацкай.
  Нарадзілася святая апякунка і першаасветніца нашага народа ў сям’і полацкага князя Святаслава-Георгія, малодшага сына славутага Усяслава Чарадзея. Таго самага Чарадзея, пра якога аўтар «Слова пра паход Ігаравы» сказаў:
 
  Калі ў Полацку пазвоняць раным-рана
  У святыя Сафіі званы,
  Ён у Кіеве звон той пачуе.
 
  Унучку Чарадзея назвалі Прадславай. Пра далейшы лёс маладой князёўны апавядаецца ў яе «Жыціі» – выдатным пісьмовым помніку старажытнабеларускай літаратуры: «Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. I па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо яна была надта прыгожая абліччам. Хараство ж яе многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе: хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму…» (пераклад з царкоўнаславянскай мовы А. Мельнікава).
  Аднак Прадслава выбрала для сябе іншую жыццёвую сцяжыну. Яна прыйшла ў манастыр, дзе пастрыглася ў манашкі пад імем Еўфрасінні. I ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню Богу і людзям: перапісвала ўласнаручна кнігі і будавала ў родным краі храмы, вучыла грамаце дзяцей і лячыла хворых.
  Менавіта па заказу Еўфрасінні мясцовы майстар-залатар Лазар Богша зрабіў надзвычай прыгожы шасціканцовы крыж. Паданне сведчыць: крыж свяціўся ў самай непрагляднай цемені, хворым вяртаў здароўе, знявераным і знясіленым – надзею на лепшае жыццё. Каб убачыць гэты цуд на свае вочы і пакланіцца яму, у горад над Заходняй Дзвіной зблізку і здалёку прыходзілі вернікі.
  У даўжыню крыж меў 51 сантыметр. Да драўлянай асновы на пярэднім і адваротным баках былі прымацаваны залатыя пласцінкі, каштоўныя камяні, намаляваныя на шкельцах-эмалях выявы святых царквы. А яшчэ крыж аздаблялі пазалочаныя срэбныя пласцінкі з надпісамі, і без перакладу зразумелымі сёння ўсім, дарослым і дзецям.
  «В лето 6669 (у 1161 паводле сучаснага календара) покладаеть Офрасннья чьстьный кресть вь манастыри своемь вь цркви святого Спаса. Чьстьное древо бесценьно есть, а кованье его злото и серебро и каменье и жьнчугь вь 100 гривинь…»
  «Древо бесценьно» было таму, што ў ім знаходзілася часцінка ад драўлянага крыжа, на якім распялі збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
  А вось дзякуючы наступнаму надпісу мы ведаем, чые ўмелыя, сапраўды залатыя рукі зрабілі адно з цудаў зямлі беларускай:
  «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченомоу Богьшм, сьделавьшемоу кресть сии црквм святого Спаса и Офраснньи».
  Акрамя гэтых двух надпісаў, майстар пакінуў праклёны зладзеям-рабаўнікам, якія адважацца ўкрасці ці сілаю забраць полацкую святыню. Лазар Богша быццам наперад бачыў: шмат разоў крыж па нядобрай волі пакідаў сцены Спасаўскай царквы, але заўсёды вяртаўся ў родны Полацк.
  Перад другой сусветнай вайною крыж знаходзіўся ў Магілёўскім музеі. Але потым, у час ваеннай віхуры, кудысьці знік.
  I дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца народная святыня. Аднак абавязкова настане дзень, калі крыж Еўфрасінні Полацкай вернецца на Беларусь і зноў будзе мацаваць нашу веру ў будучыню, асвятляць нам шлях да людскасці і хараства.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений