Уладзімір Ягоўдзік — Статут Вялікага Княства

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Два з паловаю стагоддзі, з 1589 па 1840 год, на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў Статут Вялікага княства Літоўскага. Гэты Збор законаў, напісаны тагачаснаю беларускаю моваю, быў надрукаваны летам 1588 года ў Віленскай друкарні братоў Мамонічаў. Потым з’явіліся пераклады Статута на лацінскую, польскую і рускую мовы. І з таго часу аж да сённяшніх дзён многія адукаваныя людзі захапляюцца яго мудрасцю і дасканаласцю.
 Асабліва значны ўклад у распрацоўку Статута 1588 года зрабіў слаўны сын зямлі беларускай князь Леў Сапега. Менавіта на яго ўласныя сродкі і было ажыццёўлена першае выданне гэтага выдатнага пісьмовага помніка.
 Леў Сапега нарадзіўся ў маёнтку Астроўна на Віцебшчыне. Сямігадовым хлапчуком бацькі прывезлі яго ў Нясвіж і аддалі ў школу, заснаваную пры двары вядомага магната-асветніка Мікалая Радзівіла Чорнага. У радзівілаўскім замку-палацы была надзвычай багатая бібліятэка, дзейнічала друкарня. Якраз тут у 1562 годзе славуты філосаф Сымон Будны разам з аднадумцамі выдаў на беларускай мове «Катэхізіс», што выкарыстоўваўся як падручнік у пачатковых класах. Хутчэй за ўсё па гэтай кнізе і навучыўся чытаць будучы канцлер Вялікага княства.
 Вышэйшую адукацыю Леў Сапега атрымаў у Германіі, у знакамітым Лейпцыгскім універсітэце, дзе найперш спасцігаў складаныя юрыдычныя навукі. Затым малады князь вярнуўся на радзіму. Каб паспяхова бараніцца ад варожых набегаў, Вялікае княства Літоўскае, куды ўваходзіла Беларусь, і Польскае каралеўства ў 1569 годзе аб’ядналіся ў адну дзяржаву – Рэч Паспалітую. Разам з тым абедзве краіны па-ранейшаму заставаліся самастойныя, кожная мела свой урад і асобнае войска.
 Доўгія гады Леў Сапега займаў высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, яму даручаліся адказныя перамовы з замежнымі пасламі і ўладарамі. Сам жа князь непахісна верыў у тое, што краіна тады будзе па-сапраўднаму заможнай і магутнай, калі яе грамадзяне пачнуць жыць па разумных законах. На той час ужо існавалі Статуты 1529 і 1566 гадоў. Аднак Леў Сапега не проста іх адрэдагаваў, а дапоўніў шматлікімі новымі артыкуламі, падказанымі самім жыццём. Акрамя таго, напісаў выдатную прадмову, патлумачыў суродзічам: «Мы такі маем скарб у руках, які за аніякія грошы не купіш. Кожны прыстойны чалавек павінен яго ведаць, каб сам сябе стрымліваў, нікога не крыўдзіў, дзейнічаў згодна пісанага права. А калі хтосьці яго пакрыўдзіць, дык ведаў, дзе шукаць абарону і лекі ад крыўды…»
 21 студзеня 1588 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ, дзякуючы настойлівасці Льва Сапегі, падпісаў спецыяльную грамату – зацвердзіў новы Збор законаў.
 Трэці Статут Вялікага княства Літоўскага складаецца з 14 раздзелаў, куды ўвайшло 488 артыкулаў. Паводле іх нашы продкі вырашалі розныя спрэчкі, тварылі суд над злачынцамі. Дакумент забараняў чужынцам займаць важныя пасады, набываць ва ўласнасць на Беларусі маёнткі. Былі і такія артыкулы, што баранілі малых дзяцей-сірот, бацькі якіх заўчасна памерлі ці загінулі. Меліся нават асобныя артыкулы пра ахову лясоў, лугоў, дзікай жыўнасці.
 Ёсць у Статуце 1588 года і асобны запіс пра нашу беларускую мову, якая тады называлася рускай ці простай. Гэтыя радкі добра сведчаць, як даражылі нашы прашчуры роднай мовай, як яе шанавалі: «А пісар земскі павінен па-руску літарамі і словамі рускімі ўсе лісты, выпіскі і позвы пісаць, а не іншай мовай і словамі».
 Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года – цудоўны помнік чалавечай думкі, спрадвечнага людскога імкнення зрабіць свет, у якім нам выпала жыць, больш дасканалым і справядлівым.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий