Уладзімір Ягоўдзік — Сынковіцкая царква

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Непадалёку ад горада Слоніма можна пабачыць адно з самых дзівосных збудаванняў на Беларусі – Сынковіцкую царкву. Яна высокая – здаецца, дастае да аблокаў. Сцены – з чырвонай старадаўняй цэглы, нібыта абпалены полымем шматлікіх войнаў, што пракаціліся па нашай шматпакутнай зямлі. Цяжка адарваць вочы ад гэтага надзвычай прыгожага помніка дойлідства.
 Сынковіцкая царква – царква-крэпасць. Сведчанне таго маўклівыя байніцы ў сценах Божага храма. За яго магутнымі сценамі прашчуры не толькі тварылі малітву Усявышняму, але пры неабходнасці бараніліся ад ворагаў і перамагалі іх.
 Падобная бажніца ёсць яшчэ толькі ў вёсцы Мураванка, што таксама ў Гродзенскай вобласці. У абодвух помніках увасоблены лепшыя рысы беларускага характару: мы – людзі мірныя і гасцінныя, але калі трэба – умеем пастаяць за сябе, за сваю зямлю.
 Сынковіцкая царква, на думку некаторых даследчыкаў даўніны, збудавана ў пачатку XV стагоддзя. Паданне кажа, што заклаў яе сам вялікі князь Вітаўт. І здарылася гэта вось з якой нагоды…
 У 1377 годзе памёр вялікі князь Альгерд, які, па словах летапісцаў, «не столькі сілаю, колькі ўмельствам ваяваў». І пакінуў ён пасля сябе наступнікам любімага сына Ягайлу, які неўзабаве стаў каралём Польшчы. Пайшоў Ягайла вайною супраць свайго роднага дзядзькі вялікага князя Кейстута і сына яго князя Вітаўта. Аднак не змог іх адолець. Тады задумаў ён жорсткую хітрасць. Запрасіў да сябе дзядзьку і брата і пакляўся, што не зробіць ім зла. А як толькі яны, паверыўшы ў клятву, прыехалі ў Вільню, паланіў абодвух. Вітаўта спачатку каля сябе пакінуў, а вялікага князя Кейстута загадаў у ланцугі закаваць і кінуць у вежу Крэўскага замка. Яшчэ праз некалькі дзён служкі Ягайлавы забілі слаўнага Кейстута. Потым у Крэўскі замак прывезлі і Вітаўта з жонкаю…
 Далей «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» расказвае:
 «Сядзеў вялікі князь Вітаўт у Крэве пад моцнаю вартаю. Штовечар дзве кабеты прыходзілі слаць пасцель яму і княгіні. А паслаўшы, выходзілі. За дзвярыма пакоя неадступна стаяла варта. Пачула вялікая княгіня Вітаўтава ад людзей: «Калі Вітаўт не ўцячэ з вязніцы, дык тое самае з ім учыняць, што і з бацькам ягоным Кейстутам». І навучыла яна мужа свайго князя Вітаўта пераапрануцца ў адзенне адной з кабет, што прыходзіла ім слугаваць, а з другою – выйсці непрыкметна з пакоя. Паслухаў жонку князь Вітаўт, надзеў на сябе жаночае ўбранне, незаўважна выйшаў з замка і ўцёк у Прусію…»
 Але, як сведчаць іншыя летапісцы, Вітаўт не адразу накіраваўся ў Прусію. Заблытваючы сляды ад Ягайлавых служак, ён пусціўся наўцёкі зусім у адваротны бок – да старажытнай Літвы, што знаходзілася тады за Наваградкам. І непадалёку ад Слоніма, у ціхай лясной вёсачцы, князь Вітаўт знайшоў сабе надзейную сховань пад сялянскай страхой. Потым, перачакаўшы варожую пагоню, сабраў надзейнае войска, пачаў перамагаць клятваадступніка Ягайлу і ўрэшце стаў адзіным уладаром Вялікага княства Літоўскага.
 Праз дваццаць пяць гадоў пасля ўратавання ад немінучай пагібелі вялікі князь загадаў пабудаваць у вёсачцы каля Слоніма храм: у знак удзячнасці Богу і тутэйшым людзям, якія захавалі яму жыццё. Невядомыя таленавітыя дойліды выканалі Вітаўтаву волю і ўзнялі да нябёс Сынковіцкую царкву-крэпасць, што і па сённяшні дзень зачароўвае людзей сваёй стрыманай суровасцю і казачнай прыгажосцю.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий