Уладзімір Ягоўдзік — Жабіны вочкі

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.
 
  Здарылася гэта ў даўнія часы. Вандраваў па свеце Добры Чараўнік. I сталася так, што прывялі яго дарогі на нашу Беларусь. Азірнуўся вакол сябе Чараўнік і аж засмяяўся ад радасці: такая прыгожая зямля яшчэ не сустракалася на ягоным шляху. Куды ні кінеш вокам – да неба паднімаюцца векавыя пушчы, а на іх белымі шапкамі адпачываюць воблакі. Рэкі – быццам дзівосныя срэбныя паясы, што злучылі зямлю і неба. I зусім зачаравалі вандроўніка празрыстыя азёры нашы, падобныя на вочы прыгажунь дзяўчат. Ну а засмуціла яго хіба тое, што навокал кішэла шмат усялякага плюгаўства: гадзюк, вужакаў, яшчарак, жабаў…
  Узяў Добры Чараўнік вялізны бяздонны мех і давай збіраць туды гадаў, каб і духу іх не было на Беларусі. З гадзюкамі ды вужакамі доўга не важдаўся: за хвост, за хвост – і сыкнуць не паспелі, як сабраў усіх падчыстую. А вось жабы… Ім не захацелася ў цёмны мех з сонечных лугоў і цёплых балотцаў. Заквакалі яны з усіх бакоў:
  – Мы д-о-обрыя! Мы д-о-обрыя!
  – Няўжо?! – здзівіўся Чараўнік.
  – Мы л-о-о-вім к-а-амароў і м-у-ух!
  Пачухаў патыліцу Чараўнік. Кепска, калі не будзе каму змагацца з камарамі і мухамі. Але ж пакінь жабаў – яны так расплодзяцца без вужакаў і гадзюк, што ступіць не будзе куды. Вось якая няўвязка! Не выпускаць жа гадаў зноў на волю…
  – Добра, потым пабачым, – сказаў Чараўнік. – А цяпер – скачыце ў мех!
  Ды жабоцькі таксама не дурныя: боўць пад ваду – і няма іх. Праўда, яны не рыба, цэлы дзень хавацца на дне не здатны. Давай паціху паднімацца на паверхню і цікаваць сваімі вачанятамі-лупачыкамі, што робіць Чараўнік. А ён счакаў, пакуль як мага больш жабоцькаў пакажацца з вады, махнуў рукою – і замест жабіных лупачыкаў навакол рассыпаліся дробныя блакітныя кветачкі. I сёння яны растуць на кожнай балацявіне. Праўда, часам іх называюць па-іншаму: незабудкамі. Відаць, таму, што не забылася дзіўнае здарэнне.
  Жабіны вочкі – вельмі прыгожыя кветкі, падобныя на кропелькі рассыпанага блакіту. I хоць на лекі яны не прыгодныя, усё роўна не абмінеш іх. Міжволі спынішся і залюбуешся, адчуваючы на сэрцы радасць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий