Васіль Хомчанка — Самы лепшы малюнак

Васіль Хомчанка

  Маці падмятала падлогу, а Пеця сядзеў за сталом і маляваў.
 – Мама, я цябе намалюю, – сказаў ён.
 – Намалюй.
 I Пеця намаляваў маці з венікам у руках.
 Потым маці чысціла пыласосам дываны.
 А Пеця таксама яе намаляваў.
 Прыбраўшы ў кватэры, маці памыла на кухні посуд, наскрэбла бульбы. Пеця намаляваў яе і за гэтай працай.
 Усе малюнкі расфарбаваў каляровымі алоўкамі. Прыгожая атрымалася маці.
 Прыйшоў бацька з работы. Пеця адразу ж да яго, пахваліўся:
 – Тата, зірні, якую я маму намаляваў.
 Вось яна падлогу падмятае, а вось – з пыласосам. А тут толькі талеркі мые. Праўда, я добра намаляваў?
 – Добра.
 – А які самы лепшы малюнак?
 – Той, які ты не намаляваў, – адказаў бацька.
 – Які ж гэта?
 – Дзе і ты памагаеш маме прыбіраць кватэру, мыць посуд, бульбу скрэбці. А не толькі малюеш.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий