Васіль Хомчанка — Верны рыцар

Васіль Хомчанка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Сярод канькабежцаў Клару ён пазнаў па чырвонай шапачцы і чырвонаму світару. Лёгка і прыгожа ішла яна па бегавой дарожцы, заклаўшы рукі за спіну. I Слава, які катаўся на агульным пятачку, пазайздросціў яе бегу. Нічога не скажаш – разрадніца, чэмпіёнка горада сярод школьнікаў па каньках. Яе кожны дзень трэніруе майстар спорту. З месяц назад і Слава хацеў запісацца на заняткі да гэтага трэнера. Трэнер вывеў Славу на ледзяную дарожку і махнуў рукой: «Давай!» Слава рвануў колькі меў сілы, замахаў рукамі. Праехаў круг, спыніўся, задаволены сваім бегам. Але трэнера на месцы не было. Сустрэла яго адна Клара. «Каб бегаць на каньках, трэба мець талент», – перадала яму трэнераў прысуд. I, як здалося Славу, была нават рада, што ў яго няма гэтага таленту.
 Клара ўжо ішла пяты круг усё той жа размашыстай лёгкай хадою. Так ёй загадаў ісці трэнер. Слава чакаў Клару ля каната. Яе чырвоны світар у промнях пражэктара гарэў полымем. Клара ляцела як птушка. Вось яна ужо недалёка.
 Слава зняў шапку, памахаў ёй. Яна ўсміхнулася і праляцела міма…
 Слава быў цярплівы. Ён зноў сачыў за ёю вачыма. Гэта, мабыць, апошні круг, бо на дарожку ўзышоў трэнер. Шырокая лысіна трэнера блішчала ў святле пражэктара. Нарэшце Клара выйшла на прамую. Трэнер махнуў рукой, крыкнуў: «Рывок!», і Клара заўзята замахала рукамі. На павароце выпрасталася, праехала яшчэ трохі і, пырснуўшы белымі снежнымі іскрамі, крута павярнула назад.
 Потым было тое ж, што і кожны вечар, дзеля чаго Слава не прапускаў ніводнай Кларынай трэніроўкі. Перакінуўшы свае і Кларыны канькі цераз плячо, ён праводзіў Клару дадому. Яны крочылі па ціхім парку, потым ехалі ў тралейбусе. Браў білеты заўсёды Слава. Пасажыры звярталі ўвагу на прыгожую Клару, і Славу гэта было прыемна. Вось толькі сам ён меў не такі шыкоўны выгляд, як Клара, – выцертыя лыжныя штаны і куртка з латкай на локце. Але Славу напляваць на гэтую латку. З ім едзе, размаўляе, усміхаецца яму – Клара, чэмпіёнка горада па каньках сярод вучняў. Ад прыпынку яны ішлі два кварталы пехатою.
 – Ты дамашняе сачыненне напісаў? – спытала Клара.
 – Напісаў. I табе, і сабе.
 – А не аднолькавыя? Марыя Сцяпанаўна не пазнае?
 – Не. Я табе зусім па-другому пісаў.
 – Малайчына, Славік. Мы ж сябры?
 – Сябры.
 Яна амаль кожны дзень прасіла Славу што-небудзь зрабіць: чарцёж, дамашняе сачыненне… I Слава выконваў гэтыя просьбы – сябры ж. Нават заносіў Кларын партфель дамоў, калі яна ехала адразу са школы ў горад. Дзверы на яго званок заўсёды адчыняла нізенькая, круглая, як мяч, хатняя работніца. Моўчкі яна брала ў Славы партфель і грукала дзвярыма…
 Калі падышлі да Кларынага дома, Слава сказаў:
 – Я табе нешта падару ў дзень нараджэння.
 – Ну падары.
 – Табе ніхто такое не падорыць.
 – Мне падораць плашч. Бельгійскі, пластыкавы.
 – Бацька?
 – Не… Жора, знаёмы адзін. Ён мае першы разрад па тэнісу.
 Для Славы гэтыя жоры былі не ў навіну. Клара хвалілася, што ў горадзе ёй знаёмы ўсе майстры спорту. Яны прыходзяць да Клары з магнітафонам і танцуюць у яе пакоі…
 Зайшлі ў пад’езд. На лесвічнай пляцоўцы паміж першым і другім паверхам стаяў, прыхіліўшыся да сцяны, цыбаты хлапец і курыў люльку.
 – Салют, – сказаў ён Клары.
 – Салют, – падняла яна руку.
 – Ёсць навіны. Пойдзем раскажу.
 – Позна, – сказала Клара. Але зрабіла крок да выхаду. – Славік, аднясі канькі.
 Слава патупаў уверх па лесвіцы. З другога паверха пачуў іх размову: «Хто гэта?» – «Мой верны рыцар з восьмага «В». – «Рыцар у драных латах…»
 Да трэцяга паверха Слава падымаўся доўга. Самотна пазвоньвалі канькі…

 Дваццаць восьмага лютага ўночы ўсхадзілася завіруха, і да раніцы ўвесь горад замяло снегам. Горад пасвятлеў і нібы пацішэў. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Галодныя сініцы зляцеліся з парку на балконы і вокны дамоў, садзіліся на адчыненыя форткі. Адна сініца заляцела нават у клас, і, каб яе выпусціць, адчынялі акно.
 У восьмым «В» апошнім урокам была фізкультура, і ўвесь клас пайшоў у парк катацца на лыжах. Завіруха тым часам сціхла. Па некранутым снезе лыжню пракладваў настаўнік, за ім цягнуўся доўгі ланцужок вучняў.
 Мякка шасталі лыжы. Заснежаны парк здаваўся ненатуральна казачным. З галін бязгучна ссыпаліся снежныя ахлопкі.
 Слава ішоў следам за Кларай. Яна была ў сваім чырвоным світары, такім яркім на фоне белага снегу. Замыкаў лыжнае шэсце тоўсты Пеця, Слаўкаў сусед па парце.
 Прайшлі да цэнтра парку. Клара спынілася і падала Славу сваю палку.
 – Слізкая вельмі, – сказала яна. – Дай сваю.
 Яны памяняліся палкамі. Клара з усяе сілы адштурхнулася і памчалася наперад.
 – Падліза, – сказаў Пеця. – Напрошваешся на дзень нараджэння. Усё адно не запросіць.
 – Я не напрошваюся, – ціха адказаў Слава і знарок пачаў адставаць. Ён не хацеў, каб Клара пачула Пецеву балбатню – На дзень нараджэння не запрашаюць. Сябры самі павінны прыйсці і павіншаваць.
 – I ты пойдзеш да гэтай задавакі?
 – Пайду. Яна наш таварыш.
 – Таварыш? Задавака яна, а не таварыш! Учора на «Волзе» – ж-жык паўз мяне. Нос задрала, а ў машыне поўна нейкіх расфуфыраных… Падумаеш!..
 – А чаму ёй не катацца. У бацькі свая машына.
 – А цябе яна катала? Катала хоць раз? Або хоць каго з нашага класа?
 Пеця гаварыў гучна. Славу было няёмка, і ён усё больш адставаў.
 – Ты і падарунак ёй панясеш?
 – Трэба, мы ж дружым.
 – Ну і нясі. Дурань. Чаго адстаеш, гані! – крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну.
 Настаўнік чакаў усіх у канцы алеі. Калі з’ехаліся, спытаў:
 – Яшчэ круг?
 – Яшчэ! Яшчэ!
 А Клара сказала настаўніку, што ёй трэба ісці дамоў. Яе адпусцілі. Яна скінула з ног лыжы і, махнуўшы Славу рукой, пайшла.
 – А лыжы твае хто панясе? – крыкнуў наўздагон Пеця.
 – Я панясу, – сказаў Слава.
 Усе зноў рушылі ўслед за настаўнікам, а Слава ўскінуў Кларыны лыжы на плячо і падаўся ў школу.
 Прыйшоўшы дамоў, Слава паабедаў і адразу сеў за чарцяжы. Трэба зрабіць два – сабе і Клары. Калі скончыў, доўга прыглядаўся, які лепшы. На лепшым надпісаў прозвішча Клары. Ёй няма калі займацца чарцяжамі. У яе сёння трэніроўка.
 Да вечара яшчэ заставалася шмат часу. Слава пакруціў пласцінкі, пачытаў. Згуляў з сястрычкай Волькай у шашкі, выйграў усе тры партыі і пачаў збірацца. Уласна кажучы, сабрацца ён мог і за пяць хвілін. А патраціў на зборы з паўгадзіны. Апрануў пінжак, наваксаваў чаравікі, прыгладзіў перад люстэркам набок валасы. Маці сказаў, што ідзе да Клары на дзень нараджэння.
 – А шмат там збярэцца? Мабыць, увесь клас? – спытала маці.
 – Вядома, – зусім няўпэўнена адказаў Слава.
 Клара нікога з вучняў не запрашала. I яго, Славу, не запрашала. А ён ідзе, бо ведае, што віншаваць з днём нараджэння павінны прыходзіць самі сябры. На тое яны і сябры.
 Падарунак для Клары стаяў на стале ў слоіку. Гэта быў невялікі букецік жывых ландышаў. Каб падарыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з дзірваном, прывёз і трымаў у падвале, выносіў на холад, потым паліваў у цёплым пакоі. I ландышы зацвілі, запахлі прыемна і тонка, прынёсшы ў кватэру подых вясны. Яе, вясну, і падорыць Слава сваёй сяброўцы. Гэта не карабок цукеркаў, нават калі яны і шакаладныя. I не плашч, хоць ён і бельгійскі. Слава паднёс да твару букецік, удыхнуў яго водар і засмяяўся – май!
 Нарэшце, калі насценны гадзіннік адзваніў сем гадзін, Слава загарнуў у газету букецік і пайшоў да Клары. На трэці паверх ён узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне. Там, у кватэры, чулася музыка. Слава дачакаўся, калі музыка сціхне, і пазваніў. Як заўсёды, дзверы адчыніла хатняя работніца. Высунуўшы галаву, яна моўчкі глядзела на Славу.
 – Я да Клары, – сказаў ён. Але галава не знікала. – Я падарунак ёй прынёс…
 Дзверы расчыніліся, жанчына саступіла з дарогі і ўпусціла Славу.
 Клара сядзела на падлакотніку крэсла, уся ў чорным і бліскучым. Яна прывітальна махнула яму рукой, бліснуўшы бранзалетам. Слава доўга і старанна выціраў ногі, потым ступіў у пакой. Ён разгубіўся ад скіраваных на яго позіркаў незнаёмых людзей і цішыні, што раптам запанавала ў пакоі. Так і стаяў, камечачы ў руках газету, у якую быў загорнуты букецік ландышаў.
 – А, верны рыцар. Здароў, – пачуў Слава.
 Толькі цяпер ён убачыў учарашняга хлопца з люлькай. Хлопец і цяпер трымаў люльку ў зубах.
 – А што, – сказала Клара. – Рыцар. Праўда, Славік? Зрабіў чарцёж?
 – Зрабіў.
 – Разумееш? – павярнулася Клара да хлопца з люлькай.
 Слава працягнуў Клары скрутак і сказаў:
 – Гэта табе. З днём нараджэння.
 Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула.
 – Кветкі, – усміхнулася яна. – Дзякуй. Зірні, колькі мне сёння кветак нанеслі.
 – То ж хатнія, зімовыя. А гэта – сама вясна. Май.
 Клара пакруціла ў руцэ букецік і аддала трэнеру. Слава і яго заўважыў толькі цяпер, ён сядзеў ля акна. Трэнер панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую, як горла гусака, вазу, што стаяла на падаконніку.
 – Ландышы – яны вясной пяць капеек пучок, – сказаў хлопец з люлькай.
 У пакой увайшла хатняя работніца з горкай талерах і пачала расстаўляць іх на стале.
 I гэты стук талерах нібы з’явіўся тым сігналам, якога чакалі ўсе. Паднялася гаворка, смех. Трэнер чагосьці зарагатаў. Хлопец з люлькай шчоўкнуў клавішам радыёлы, і кватэру запоўніла музыка. Пыхкаючы люлькай, хлопец пачаў пускаць дым на суседку, а тая закрывала твар рукамі і пішчала. Смяялася і Клара. Яна была вельмі прыгожая ў гэты вечар у сваім бліскучым плацці, з аголенымі рукамі і белай шыяй, якую абвілі агністыя, як іскрынкі сонца, пацеркі.
 Слава сядзеў і чытаў старую газету, у якой ён прынёс ландышы. Потым выйшаў у калідор. Апрануў паліто, азірнуўся і сустрэўся вачыма з Кларай. Клара ўсміхнулася і памахала на развітанне рукой. Ад яе бранзалета мільгануў на сцяне зайчык.
 Слава зняў з дзвярэй ланцужок і выйшаў. З двара ён зірнуў на акно, белае ад яркага святла, і на падаконніку заўважыў тую доўгую, як гусакова шыя, вазу. Там бялелі дробныя званочкі яго ландышаў. Ландышы туліліся да шыбы, быццам прасіліся на вуліцу.
 I Славу зрабілася шкада гэтых ландышаў. Хай бы яны раслі ў лесе і цвілі ў маі. Навошта было прыносіць іх людзям, якія не шануюць дружбу і за вясну плацяць толькі пяць капеек.

Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий