Васіль Вітка — Азбука Васі Вясёлкіна

Васіль Вітка

Рашыў Вясёлкін Вася:
– Сам адкрываю школу.
Збіраю ў першым класе
I птушак, і жывёлу,
Усіх звяроў на свеце.

I вы прыходзьце, дзеці.
У мяне такая кніжка ёсць,
Што рады будзе кожны госць.
Я літары вам пакажу,
Пра ўсе малюнкі раскажу.

Глядзіць Васіль наўкола:
Хто ж першы прыйдзе ў школу?
А тут з двара:
– Здароў, Вясёл!
– А ты хто будзеш?
– Я асёл.

Стаіць і дзівіцца Васіль:
– Нашто аслу аўтамабіль?
Куды вязеш ты агуркі?

– А гэта звычай мой такі, –
Яму адказвае асёл. –
Саджуся з кнігаю за стол –

У рот адразу ж агурок.
– Нашто?
– Каб ведаць лепш урок.

Давай, вучы мяне, Вясёл,
Саджай хутчэй за парту.
Ты ж ведаеш, сярод жывёл
Я самы, брат, упарты.

– Па-першае, я не Вясёл, –
Сказаў Вясёлкін Вася, –
А па-другое, стаўлю кол
За панібрацтва ў класе.

А
Буквар мы пачынаем з А,
I я заўважыць мушу:
Не вельмі цяміць галава,
Хоць і даўгія вушы.
Хапае слоў апроч асла,
Што пачынаюцца на А:
Арол, акварыум, алень,
Аса, акула, авадзень,
Авёс, алмаз, атара,
Алена і Алеся
I нават акуляры,
Што ты на нос павесіў.

Як закрычыць асёл: – Браткі
Вось для чаго мне агуркі!
Ў мяне іх – цэлая гара.
За розум брацца мне пара.
Як з’ем апошні агурок –
Урок засвою назубок.

Б
А гэта, дзеці, што за франт:
Завіты ўвесь, на шыі – бант,
I так ілбом у бубен б’е: –
Прыміце ў клас,
Я знаю: Бэ-э-э!
Прыняць выдатніка, прыняць!
Ён заслужыў адразу 5.

В
Хто гэта лісця нанізаў
На вострыя іголкі?
А вожык Васю так сказаў
– Вітаю вас, Вясёлкін.
– Я рад, – прызнаўся Вася,
Ды чым жа ты заняўся?
Навошта льеш, – пытаю я, –
З вядра ваду на вераб’я?
– Мы з вераб’ём у пары
Збіралі вам гербарый.
Дружок мой запыліўся,
Хачу, каб ён памыўся.

Сягоння ўсе глядзяць на нас,
Во мы прыйшлі ж у першы клас.

Г
Напэўна, дзеці, вы змаглі б
Сказаць і самі: гэта – грыб.
I прозвішча, як у людзей,
У вучня – Баравік.
І ён у школу ўжо ідзе,
Хоць ростам невялік.

Хай невялік, хай невысок,
А ведае здавён
I той лясок, і верасок,
Дзе нарадзіўся ён.

Д
I дзяцел ведае свой дом
На дрэве са старым дуплом.
Калі і непагадзь – ну што ж,
Не страшны дзецям снег і дождж
Як добра ў дзятла пад крылом,
Калі такі выдатны дом!

Хто знае, Дэ знайсці нам дзе?
Пытайце ў бацькі, ў маці,
Шукайце ў дзятлавым гняздзе –
Падкажа добры дзяцел.

Е Ё
А за дзвярыма: тук-тук-тук.
Пытае Вася: – Што за стук?
Зноў дзяцел? Не, зусім не ён –
Прыйшоў у школу паштальён:

– Вам тэлеграма ёсць адна.
Здзівіўся Вася: – Ад каго ж?
– Напэўна, што з рачнога дна,
Бо тут унізе подпіс: Ёрш.

– Ну што ж, якраз да часу.
Чытайце ўсяму класу.
Ш-ша, слухайце, што піша ёрш:
«Жыву за іншых я не горш.
Малым паставіў ёлку.
Выпісваю «Вясёлку».
Ды вось бяда: сыны мае
Не ведаюць ні Ё, ні Е.

Да вас у школу трэба плыць,
Але парайце, як нам быць.
Калі паступім мы туды,
Дык жа загінем без вады…»

Сказаў Вясёлкін: – Точна,
Хай вучацца завочна.

Ж З
Тут Вася адчыніў акно:
– А гэта што там за яно –
Ці не пад’ёмны гэта кран?
Зірні на вуліцу, баран.
Зірнуў баран, спужаўся:
– Яно з хвастом, з нагамі,
З вушамі і рагамі,
Пад стол хавайся, Вася,
А я залезу ў шафу!..

Вясёлкін рассмяяўся:
– Ды гэта, брат, жырафа.
Яна паспела ў самы раз.
Прашу, прашу, заходзьце ў клас
Сядайце, калі ласка, ў нас!
Жырафа рада б сесці,
Ды ў школу ёй не ўлезці.

Заўважыў заяц звера,
Збялеў і – шмыг за дзверы,
Па калідоры – скок-скок-скок.
Ён думаў, што з’явіўся воўк.

На парту ўскочыў з перапуду:
– Вучыцца болей я не буду! –
Хапіў адзін, другі званок:
Хутчэй канчай, Васіль, урок!

Цягнуўся цэлы месяц
У класе перапынак,
Шукалі зайца ў лесе
Ля ўсіх дубоў, асінак.
Уцёк са школы Зай, уцёк.

– Што ж, без яго пачнём урок, –
Сказаў Вясёлкін Вася
I за журнал узяўся,
Бо цвёрдую меў звычку –
Штодня вёў пераклічку.

I Й
– Індык! – спытаўся Вася, –
А ты куды сабраўся –
Ў гурток шыцця і кройкі?
Дзеля чаго ў запасе
Ў хвасце ў цябе іголкі?
Чаго ты так надзьмуўся,
Ад вучняў адвярнуўся?

– Хаджу я важна па зямлі, –
Затрос індык бародкаю, –
Бо ведаю, што ёсць два I:
I доўгае, й кароткае.

Усё я ведаю, пытай.
Напрыклад: іней, гай і май,
Ігнат, Іван, Іран…

– А бэ-э-э? –
Не вытрымаў баран. –
Не паважаю я цябе,
Бо ты сказаць не ўмееш: бэ!

Спакойна Васева рука
Лягла на дзённік індыка.

– Ты адказаў мне бойка,
Сказаў настаўнік Вася, –
Але я стаўлю тройку,
Каб больш не зазнаваўся.

К
А качаня і кацяня
Паміж сабою як радня.
Усюды разам, удваіх,
Не разальеш вадою іх.

У клас увойдуць, знімуць шапкі,
Пасядуць і – угору лапкі,
Бо качанятка і каток
Заўсёды ведаюць урок.

Выдатнікам настаўнік рад.
А хто іх выхаваў? Дзетсад.

Л
– А што нам скажа Ліска?
– Нічога не скажу.
Не падыходзьце блізка:
Вы ж бачыце, сяджу
Ўвесь дзень перад люстэркам,
Занятая прымеркай.
Напэўна, што завузка
Нейлонавая блузка,
А модная спадніца
Так цісне ў паясніцы…

– Ліса і лісяняткі,
Пакіньце вы заняткі!
У вас, у модніц, – свой прыцэл.
Мы вывучым і самі Л.

М
Зірнуў Васіль у кніжку:
– А дзе маленькі Мішка?

– А вунь на школьным ён двары,
Сам у акно пабач.
Прыйшоў да нас мядзведзь стары,
Купіў унуку мяч.

Старому сумна ў лесе
На персанальнай пенсіі.
Сюды штодня хадзіць ён рад,
Насіць малому мармелад.

Такі ж ужо чуллівы дзед,
Вунь прывалок веласіпед:
«Бяры веласіпедзік,
Катайся, мой мядзведзік!»
Сказаў настаўнік: – Ой, дзяды,
Нямала мне ад вас бяды,
Так песціце вы ўнукаў –
Зрываеце навуку.

Н
Навуку любіць насарог,
Калі здалёк прыехаць мог,
Аж з Афрыкі, з Нігерыі.
Але ступіў ён на парог –
Не можа ўлезці ў дзверы.

Жырафа рада земляку:
– Жаданы мой, чаканы…
– А ты, жырафачка, адкуль?
– Твая суседка – з Ганы.

– Канікулы, – сказаў Васіль, –
Браткі, не пашкадуем сіл.
Пашырыць трэба школу,
Пляцоўку для футболу,
А для гасцей замежных
Паставіць клас сумежны.

– Ура! – абрадваўся баран,
Я зараз намалюю план.
I пачалася праца,
Рад кожны быў старацца.

Стаў за учотчыка індык,
Сам працаваць ён не прывык.
Пляцоўку расчышчаў асёл,
Бо вельмі ж ён любіў футбол.
– Ёсць разгарнуцца дзе цяпер!
Сказаў мядзведзь-пенсіянер.
Стаў пілаваць бярвенні.
Ён пільшчык быў адменны.
Уважліва сачыў унук,
Каб не парваць пілы аб сук.
Знайшлі і вучні-малышы
Сабе занятак па душы.
Тут завіхаліся штодня
I качаня, і кацяня.
I нават зай-зайчына
Вярнуўся, малайчына,
I стаў на дапамогу
Самому насарогу.

Пыхцеў,
Стараўся
Насарог,
Ажно пацеў
I нос,
I рог.
Жырафа следам бегла
I падавала цэглу.
Упраўна брала з долу
Яна любыя высі…

Пабудавалі школу –
Спыніся і дзівіся,
Якія гмахі ўзніклі.
Вось гэта дык канікулы!

О
I зноў увесь сабраўся клас.
Зірнуў у кнігу Вася:
– На чым спыніліся той раз? –
Ён у крата спытаўся.

Разявіў крот шырока рот
I прастаяў бы, можа, год.

Была ў гасцях у школе
З дзетсада ляля Оля.
Сама не знаючы таго,
Яна і адказала: О!

Адкрыла лялечка раток
Маленькі, роўненькі кружок.
I насарог адкрыў свайго –
Жахнуўся клас увесь: – Ого!

П
– Навошта пеўню парасон,
Чаго стаіць на плоце ён
Якраз ля нашых жа акон?

– Схаваўся, дзеці, я ў цянёк
Каб добра вывучыць урок.
– Скажы нам літару сваю!
– Не, дзеці, лепей я спяю.
Хоць з граматаю не ў ладах,
Але спяваю па складах.
Ніхто так на маім вяку
Яшчэ не пеў: Ку-ка-рэ-ку!

– Ты ўмеў бы значна болей.
Калі б вучыўся ў школе.
Прыходзьце, пеўні, ўсе вы
Да нас у клас на спевы.

Р
– Паслухайце, здаецца,
Хтось ля дзвярэй шкрабецца.
Чакайце, сам праверу.
Зірнуў Васіль на дзверы:
– Дык гэта ж рак.
Адкуль, бядак?
Чаго такі распараны,
Як кіпенем абвараны?

Падняўшы стрэльбу ў клюшні,
Рак адказаў: – Мне душна.

– Нашто ты стрэльбу ў клас валок?
Яшчэ націснеш на курок.

– Так, – адказаў ён горда, – так,
Я – лепшы паляўнічы…
Нічога дзіўнага, што рак
У школу не залічан.

Калі не верыш, дык правер,
Пакуль у рэчцы мелка.

С
– А хто ў нас на чарзе цяпер?
Сказалі дзеці: – Стрэлка!
– А дзе яна ў нас, дзеці?

– У космасе, ў ракеце!
Абкружыць Сонца сорак раз
I прыляціць ізноў у клас.

Т
– Я добра бачу па ўсіх вас,
Ваш пазнаю характар –
Нам тэхнікай заняцца час,
Прыйшоў якраз і трактар.

А гэта вось механік сам,
Славуты на ўсім свеце,
Пакажа ўсе машыны вам,
Пракаціць на ракеце.

Наўрад ці ёсць яму раўня
Паважны і вусаты…
Падняла лапку кацяня:
– Дык гэта мой жа тата!

Механік тут сынка абняў:
– Як вучышся, дзіцятка?
I адказаў сыночак: – М-мяў,
А я – выдатнік, татка…

I загадала татку
Кацяня загадку:

У Ў
– У галаве У доўгае,
Кароткае ў хвасце.
Выкручваецца, поўзае
На тоўстым жываце.
Уміг жывога зайца
Глыне – і не падавіцца.
Ну, што? Не адгадаў?
Я падкажу – удаў.

Такая ўродзіна удаў,
Убачыш – зойме дух.
Каб ты, пачварына, прапаў,
Так напалохаў – ух!

Яго не пусцім мы ў свой клас,
Бо праглыне ўсіх нас зараз,
I стол, і школьны глобус,
I новы наш аўтобус.
На чым жа мы, татуся,
Паедзем на экскурсію?

I вось ужо завёў матор
Механік дзядзя Коця.
Ён вельмі строгі быў шафёр,
Суровы на рабоце.

I да сябе ў кабіну
Не ўзяў ён нават сына:
– Мне на машыне не радня
Ні сват, ні брат, ні кацяня.

Ф
Сказаў Вясёлкін Вася:
– Хвалю за дысцыпліну.
Мой клас увесь сабраўся.
Гані, шафёр, машыну…

Ляціць аўтобус па шашы.
Глядзяць з акенца малышы.
Мігцяць фіранкі, як флажкі,
I шоўкавыя фартушкі,
I новыя фуражкі.
Лагодна і пакорна,
Адзетыя па форме,
Сядзяць індык з барашкам.
А за машынай пеша
Услед жырафа чэша,
А за жырафай – ох-ох-ох –
Цялёпкаецца насарог,
Ажно дрыжыць пад імі дол.

– А вы куды?
– Мы на футбол.
– А хіба ў нас сягоння матч?
Спытаў шафёр з кабіны.
– А вы – балельшчык, Кот-Вусач?
Дык самі знаць павінны,
Што ў нас на стадыёне
Выдатны дзень сягоння:
Аслам забілі гол зайцы.
Вось малайцы дык малайцы!

Як усхапіўся тут асёл:
– Шафёр, вязі нас на футбол!
Хутчэй, хутчэй на стадыён!
Зароў ад горкай крыўды ён.

Ды што паробіш: плач не плач –
Ганебна скончыўся той матч.
Асёл як апантаны
Не мог утаймавацца…

– На плошчу да фантана
Фата-графа-вацца,
Увесь мой клас, збірайся! –
Паклікаў вучняў Вася…
Фацэтны выйшаў здымак –
Цудоўны напамінак
Настаўніку і вучням
Аб дружбе неразлучнай.

X
Хаця хітрун хамелеон
Не сапсаваў ледзь увесь фон.
То з галавы да самых пят
У хатні хутаўся халат,
То захінаўся ў хусту,
Халву з капустай хрумстаў,
Высоўваў доўгі свой язык,
Лізаў жырафе чаравік,
I, хвалячы свой спрыт і рух,
Хапаў па-заліхвацку мух.

I гэтак надзімаўся,
I ў колерах мяняўся,
Што ўсе не клаліся траха
Ад смеху ўпокат: ха-ха-ха!

Аб Васілёвай школе
Прачула ўсё наўколле.
Да нашае экскурсіі
Прыбіліся тры гусі,
Два худыя харты –
Валацужныя браты,
Варона-пабіраха,
Шакал і чарапаха.

Ц
Прыцялёпкала здаля
Адно пацешнае цяля:
– А я ў цырку пабывала,
Я прынесла вам цымбалы.
Залічыце ў клас мяне,
Я ўсё на свеце знаю: м-м-ме!
Васіль сказаў: – Пабачым.
Задам табе задачу:
На градзе яна расце,
Пачынаецца на Цэ.
Аж падскочыла цялятка:
– Знаю, знаю – шакаладка!

Засмяяўся Вася:
– Падумай, не спяшайся.
Я лічу да трох: раз, два…
– Ах, я ўспомніла – халва!

– Памыляешся, красуля, –
На градзе расце цыбуля.
I хоць яна не шакаладка,
А есці трэба, для парадку,
Бо ўсе мы знаем як адзін,
Што Цэ – найлепшы вітамін.

Ч
Вось чарапашычын сынок
Есць і цыбулю, і часнок.
Няхай яшчэ сыночак
На выгляд – чарапочак,
Затое ў нас у школе ён
Ужо вядомы чэмпіён.

Малы чарапашонак
Не носіць распашонак.
Выходзячы на шпацыр,
Ён надзявае панцыр,
Таму не гнецца пад мячом,
Не хіліцца пад молатам.
Расце выдатным сілачом
I незвычайным волатам.

Ш
Мы не змаглі б вучыцца
Ні з воўкам, ні з ваўчыцай.
А вось прыйшоў да нас шакал
I ледзь усіх не ашукаў.

Ён доўга носам шморгаў
I Васіля ўгаворваў,
Нібы прасіўся ў школу,
А сам пры шаблі, ў шпорах,
Прынёс дзве торбы толу,
Шнур, дынаміт і порах.

Не, ашуканец шэры,
Табе не будзе веры.
Ты з выгляду – лагоднік,
А сам – шпіён і шкоднік.

Ы
Ёсць літары у буквары,
З іх не пачнеш ты слова.
Але запомніце, сябры,
Вы іх абавязкова.
Ну, хто мне іх напіша?

– Мы, – адказалі мышы. –
Каб не было на свеце Ы, –
Запелі хорам мышкі, –
Былі б мядзведзямі ўсе мы,
Нас дзеці б звалі – мішкі.

Была дзяўчынка ў нас адна,
Рукамі пляснула яна,
Прызналася ўсім шчыра:
– Як добра, што я – Іра!

Ь
Каню прысніўся страшны сон,
Што ён не конь, а кон.
Перапалохаўся бядак:
– Куды падзеўся мяккі знак?
Мне без яго жыцця няма…

Прыбег задоўга да відна
Да нас буланы госць:
– Ці мяккі знак яшчэ ў вас ёсць?
Яму сказаў Вясёлкін так:
– Вось, калі ласка, мяккі знак.

Яго сабе ты забірай,
Бяжы і весела гуляй.
I так быў рады, небарак,
Што зноў знайшоў свой мяккі знак.

– Эх, – схапіўся Вася, –
Экскурсія ўдалася,
Ды час дамоў збірацца,
Зноў за навуку брацца.

Э
Я заказаў вам эшалон.
Сядайце кожны ў свой вагон.

Купэ – для насарога,
Жырафу – на платформу.
Адзеньцеся ў дарогу
У школьную ўсе форму…

Гудуць па рэйках колы.
Дадому едзе школа.
Ад песень і ад смеху
Чуваць далёка рэха.
Мільгнуўся элеватар,
А вунь – электрастанцыя,
Торф рэжа экскаватар
На рэчцы Балачанцы.
Між родных сосен і бяроз
Імчыцца наш электравоз.

Ю
Вучыцца зноў прыйшла пара.
– Ура! – гучыць сярод двара.
На выстаўку юннаты
Выносяць экспанаты:
Капусту,

рэпу,

буракі,

Фасолю,

моркву,

агуркі.

Зірніце на цыбулю!
Яе расціла Юля!

Умела пастарацца
Яна на школьнай градцы.
Цяпер усе мы як адзін
Цыбулю Юліну ядзім.

Я
А вось малая Ядзя
Сабрала ў нашым садзе
Пад яблыняю ягады –
Не паядзім за два гады.

Так вучыцца, стараецца
Дружная сям’я,
На гэтым і канчаецца
Азбука мая.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений