Гэй, дарогу, гэй, шырэй,
Лес густы, высокі —
На машыне верабей
Едзе да сарокі.
У пагонах, у шнурах,
У шпорах са звонам.
Белабока толькі: — Ах! —
Сказала з паклонам.
— Калі ласка, ваша чэсць,
Я даўно чакала.
Запрашаю за стол сесць
Госця-генерала.
Налучыўся тут мядзведзь
На такое дзіва:
— Цьфу, няма на што глядзець!
I ўсміхнуўся крыва.
Усхапіўся верабей,
Адважны задзіра,
Як падыме крык: — Не смей
Зневажаць мундзіра!
Загрудкі мядзведзя — цап:
— Ведай, з кім заняўся!
Ледзьве з вераб’ёвых лап
Мішка ўратаваўся.
1962