Васіль Вітка — Першая пяцёрка

Васіль Вітка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  У школу Наташа ўзяла з сабой ляльку Кацю. Пасадзіла побач і сказала:
 – Сядзі ціха і слухай, што кажа настаўніца.
 Але Каця не магла доўга ўседзець. Як толькі паварочвалася Наташа, паварочвалася і Каця. I мала таго, што паварочвалася. Кожны раз яна яшчэ і плакала:
 – А-а-а!
 – Хто гэта плача? – спыталася настаўніца.
 – Каця, – адказала Наташа.
 – Яна яшчэ малая, – спагадліва пагладзіла па галаве Кацю настаўніца. – Ёй яшчэ рана ў школу. Яе трэба аддаць у дзіцячы сад.
 Нядаўна Наташа сама хадзіла ў дзіцячы сад. Добра ў садзе, весела. Але як гэта аддаць Кацю? Сумна зрабілася Наташы. Ды іншае рады не было.
 Назаўтра, ідучы ў школу, яна забегла ў сад і папрасіла:
 – Няхай Каця ў вас пабудзе, пакуль я ў школе…
 Загадчыца Марыя Антонаўна ўсміхнулася і сказала так, як гаварыла заўсёды мамам:
 – Будзьце спакойныя, грамадзяначка…
 Наташа радасна пайшла ў школу. I праўда, як гара звалілася з плячэй. Седзячы за партай, яна старанна выводзіла літару за літарай, ёй ніхто цяпер не замінаў. «Мама» – напісала Наташа.
 Настаўніца паглядзела і сказала:
 – Малайчына! – і загадала яшчэ раз напісаць.
 I Наташа, больш упэўнена націскаючы на пяро, зноў вывела дарагое ёй слова.
 Настаўніца нахілілася над Наташыным сшыткам і чырвоным алоўкам паставіла пяць. Гэта была першая Наташына пяцёрка.
 Як толькі скончыліся заняткі, Наташа памчалася дадому.
 – Я пяцёрку нясу! – сказала яна яшчэ ў парозе.
 – За што, дачушка? – абрадавалася маці.
 – За маму, – адказала Наташа. – За цябе, мамачка…
 I толькі ўвечары, калі трэба было садзіцца за ўрокі, Наташа спахапілася:
 – Ой, а Кацю ж я пакінула ў садзіку. Пабягу забяру.
 – Позна, дачушка, Каця спіць ужо.
 Шкада было лялькі, але Наташа ўспомніла словы Марыі Антонаўны: «Будзьце спакойныя, грамадзяначка…» – і адразу супакоілася.
 Яна разгарнула буквар і пачала вучыць урок.

1959

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий