Васіль Вітка — ППШ

Васіль Вітка

Я спытаўся ў малыша:
– Што такое – ППШ?
 
Доўга думаў малыш:
– Ну й загадку задалі ж…
 
Думаў дзень, думаў два –
Забалела галава.
 
Вас цяпер я папрашу:
Памажыце малышу.
 
Хто адразу адгадае,
Хай руку ён падымае
 
І гаворыць: – Я гатоў
Растлумачыць тайну слоў…
 
Нешта ж доўга я чакаю…
Што? І з вас ніхто не знае?
 
Рук паднятых я не бачу.
Сам тады вам растлумачу:
 
Першым П стаіць вышыннае
І чытаецца: ПТУШЫНАЯ,
 
П, што выгнута падковаю,
Азначае: ПАЧАТКОВАЯ,
Ну, а што такое Ш –
Ясна і для малыша.
 
Пойдзеш з намі ў ППШ,
Ўсё, што ўбачыш, апішы.
А то, можа, ты ляўша,
Дык дзяцей лепш не смяшы.
 
Навучыся правай перш,
Тады сілу папрабуй.
 
Хоч – пішы адразу верш.
Хоч – ракетаю кіруй.
 
– А хіба мы на ракеце?
Не, давайце пехатой.
Бачыце, як блізка свецяць
Літары на школе той,
На ўсю браму:
ППШ.
 
З-пад свайго капелюша
Пазірае на нас, дзеці,
Сам дырэктар, слаўны Пеця,
 
Пётр Пятровіч ён для вучняў,
Для мяне друг неразлучны.
 
– Здароў, Пеця-Певунец,
Бурштыновы грабянец!
 
Ты даруй, брат, што я мусіў
Да цябе прыйсці з экскурсіяй.
 
Можа, мы прыйшлі зарана,
Што яшчэ ў вас не прыбрана,
 
Не расстаўлены і парты
І не вывешаны карты?
 
– Ат, – махнуў крылом дырэктар, –
Так бывае ў нас нярэдка.
 
Празвінеў даўно званок,
Не прыйшоў ніхто на ўрок.
 
Я прачнуўся на зары,
Сабраў сшыткі, буквары,
 
Па надворку пахадзіў,
Потым вучняў пабудзіў,
 
Па чарзе пачаў пытаць:
– Як умееце чытаць?
 
І ніводзін мой сынок
Не знаў ўрока назубок.
 
Ні адной задачкі
Не рашылі качкі.
 
Дзюбаю вадзіла гусь
І па карце лазіла,
 
Ўсё шукала Беларусь
Ў Афрыцы і ў Азіі.
 
Так шукала ўпарта –
Выдзеўбла ўсю карту.
 
А дачушка курачка,
Як зляцела з седала,
 
Выбегла на вулачку:
– Я ж яшчэ не снедала.
 
А ў нас сёння бліны,
Тата, дай мне выхадны.
 
Тары-бары, растабары:
Ты купі мне акуляры,
 
А то я не бачу,
Як рашаць задачу.
 
– Ты, малая, не хітры,
Не гуляй у жмуркі.
 
Колькі будзе 2 + 3? –
Я спытаўся ў куркі.
 
Адказала курка: – 7.
Збегаю дамоў, пад’ем.
 
А пасля прыйду з дружком,
З выдатнікам індыком.
 
А выдатнік індык,
Ён старацца не прывык
Ні лічыць, ні пісаць
І не знае 5 + 5,
Толькі ўмее балбатаць:
 
«Блу-блу-блу,
Блу-блу-блу –
Вельмі ж я чытаць
Луб-лу».
 
Пяты год буквар дзяўбе,
А запомніў:
А і Б.
 
– Грамацей, грамацей,
Ты парадуй нас, гасцей.
 
Калі знаеш А і Б,
Дам загадку я табе:
 
Дзве сястрыцы А і Б
Добра гралі на трубе.
 
Памагчы заўсёды рад
Быў сястрыцам меншы брат.
 
Сам залез ён у трубу
І як крыкне: – Ту-бу-бу!
 
Чуюць сёстры – гук не той.
Ах ты, жэўжык, ну пастой!
 
А браток з трубы – скок, скок,
І няма – прапаў браток.
 
Папрабуй улаві
І самога назаві.
Назаві, назаві!
Хто адкажа, дзеці?..
– І!
 
А выдатнік індык
Сюды – пык, туды – мык:
– Брата іх не бачыў я.
Я не знаў яго імя,
Я не быў у трубе,
Знаю толькі А і Б.
 
Вось прывёў дырэктар нас
У свой самы лепшы клас.
 
– Гэта самы клас культурны.
Хто сягоння ў нас дзяжурны?
 
– Я, пляменнік ваш, Яўтух.
– А прозвішча?
– Пі-я-тух.
 
Чаму стол на адной ножцы?
І адкуль у вас на дошцы
Тут кляновыя лісты?
Растлумач, дзяжурны, ты.
 
Нешта я не разбяруся:
Палачкі, кручкі, калябкі…
– Пётр Пятровіч, гэта ж гусі
Малявалі свае лапкі!
 
– Дзе сціралка?
– Украла галка.
 
– Бачыш, пылам клас пакрыты?
А чаму ты сам не ўмыты?
Непарадак, Піятух!
 
А Яўтух той – хітры зух:
– Пётр Пятровіч, скажу вам,
Дык я ж – сан і ўсюды сам:
 
Я ж і тут, я ж і там,
Хоць вазьмі ты разарвіся…
 
– А які ж у цябе сан?
– Старшыня ж я
Сан-
Камісіі.
 
От якая ППШ,
Лепш маўчыце, дзеці, ша.
Нізашто больш не вазьмуся
Я туды вадзіць экскурсіі.
 
Даў зарок
І падпісаўся:
Ваш дружок –
Вясёлкін Вася.
 
1962

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий