Уздоўж дарожных каляін,
Уздоўж абходжаных сцяжын
Яго заўважыць
Кожны
Падарожны.
Яго нямала топча ног –
I босых, і абутых.
Другі б ужо змарнеў, знямог
У крыўдах і пакутах,
А ён расце, трыпутнік,
А ён цвіце, пакутнік.
Я думаў, можа быць, людзьмі
Ён гэтак пакараны,
А людзі раяць – прыкладзі
Яго лісток да раны:
Суніме боль трыпутнік,
Ўсё выцягне, пакутнік.
З дзіцячых год запомніў я
Шырокі ліст прыкметны
I добрае тваё імя,
Мой дружа запаветны,
Зялёны мой пакутнік,
Трывалы мой трыпутнік!
1946