Васіль Жуковіч — Першы снег

Васіль Жуковіч

Янка ўстаў асеннім ранкам,
на гадзіннік глянуў Янка.
«Сем гадзін, ды – што такое? –
пасвятлела у пакоі».
Хлопчык да акна падбег:
вось дык дзіва – выпаў снег!
– Тата, мамачка, не спіце,
У акно хутчэй зірніце…
Першы снег, бялюткі снег,
колькі ён прысыпаў стрэх,
і сцяжынак, і дарог,
на варотах нават лёг,
двор старанна абяліў,
наваколле асвятліў.
Першы снег, бухматы снег!
Дзе ўжо болей тут заснеш…
Не паспеў паснедаць Янка,
кажа тату:
– Хачу санкі.
(Акурат была нядзеля,
дома ўся сям’я сядзела.)
Тата саначкі прынёс,
а каб хлопчык не замёрз,
малахай дастала мама,
шубку лёгкую таксама.
Цэлы ранак, цэлы ранак
Янка наш правёў ля санак.
I гулялі разам з ім
Ніна, Галя і Яўхім.
А яшчэ на снежны двор
выйшлі Петрык, і Рыгор,
і маленькі Васілёк –
дзеці зблізку і здалёк.
Дружна дзеці снег ляпілі,
крэпасць моцную рабілі.
Там пайшлі ў атаку снежкі,
за разведкай – перабежкі, –
там гарачыя баі
«нашых» з «белымі» былі.
Завадатарам галоўным
Янка быў – ён быў няўлоўны.
Першы снег, – усім на ўцеху:
мора гоману ды смеху…
А тым часам пацяплела:
крыху сонейка прыгрэла,
пацякло з высокіх стрэх,
стаў, як мокры цукар, снег
Крэпасць грозная асела,
горка мігам палысела.
I прыціхлі каля горкі
Янка, Петрык і Рыгорка,
Ніна, Галя і Яўхім…

Першы снег пусці дадому:
боты мокрыя зусім.

1977 г.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий