Васіль Жуковіч — Снежная баба

Васіль Жуковіч

Дзе канчаецца пасёлак,
дзе мяцеліца мяла,
і прыгожай і вясёлай
баба снежная была.

Там кружыўся лёгкі вецер,
там іскрыўся белы снег,
там вакол гулялі дзеці
і звінеў дзіцячы смех.

Эх, зіма, зіма, зіма!
Эх, мароз, мароз і снег!
Баба снежная сама
выйшла на дзіцячы смех.

Разгулялася ж адліга,
і чаму не спіць яна?
Перад гэтым ціхім ліхам
баба снежная адна.

Апусціла баба рукі,
апусціла баба нос,
стала плакаць ад дакукі:
недзе згінуў Дзед Мароз.
 
Ох, бяда, бяда, бяда,
плачу многа, многа слёз,
слёзы льюцца, як вада:
недзе згінуў Дзед Мароз.

Дзе падзеўся ён, старэча?!
Ну, не кануў жа ў ваду,
можа, вернецца пад вечар
і развее злыбяду.

Ахапіла бабу скруха,
бо на ростані зіма
прашаптала ёй на вуха,
што яго нідзе няма.

Баба снежная тры ночы
праклінала горкі лёс,
і ўсе выплакала вочы,
і растала ўся ад слёз.

Ох, бяда, бяда з бядой:
не вярнуўся Дзед Мароз,
слёзы робяцца вадой,
замест бабы – мора слёз.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий