Нават неба пацямнела,
сонейка не бачу я:
нечакана захварэла
мамачка мая.
У яе тэмпература,
цяжка мамачцы маёй.
I таблеткі, і мікстуру
я прыношу ёй.
– Ці лякарства памагае? –
Запытаўся ў мамы я.
Кажа мама: – Ой, якая
Лёгкая рука твая!..
Я памыю сам пасуду
і вазоны ўсе палью.
Берагчы заўсёды буду
мамачку маю.
Вось і неба пасвятлела,
ззяе сонца над зямлёй,
мо таму што палягчэла
мамачцы маёй!