Васіль Зуёнак — Гаварыла маці…

Васіль Зуёнак

Ціхія ўспаміны –
Горкае багацце…
Весняй ночкай з сынам
Гаварыла маці:
– Ночка дарагая,
Колькі ж летаў буду
У хаце жыць адна я
З думак цяжкай грудай?
Толькі іх і знаю,
Покуль не прыднее…
Набяру-тка маю –
Можа, расквітнее?..
Ходзіць з хлебам-соллю
Гул бяседы весняй,
Толькі ў нас застолле
Усе забыла песні.
У людзей унукі –
Грыўкі ільняныя,
А мае ж во рукі
Па дзіцятках ныюць…
Гаварыла маці –
Што ёй сын адкажа?
А ці зноўку ў хаце
Немата заляжа?..
– Не крыўдуй на сына:
Я і сам не знаю,
Як вясну пакінуў
Тым грымотным маем.
Вечна застануся –
Вольны, не жанаты:
Хто ж, скажы, мамуся,
Пойдзе ў маю хату,
Што ў далёкім краі,
Што ў чужым куточку –
Цёмная, сырая,
З жоўтага пясочку?..

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий