Васіль Зуёнак — Сон

Васіль Зуёнак

Ноч не збавенне –

толькі забыццё…

Засну –

а ў грудзі ломяцца трывогі,

I сэрца пад рукой бяссільнай

б’ецца,

Пакуль не вырвецца…

Імклівае, ляціць

I, нібы спадарожнік, шле сігналы
З далёкага дзяцінства,

з хаты той,

Што побач з новай

стала хлеўчуком

I грэе Лыску,

ціхую карову,

Каб напаіць унукаў сырадоем…
Гукае сэрца.

Абяцае мне

Шляхі другія –

без блуканняў марных

I светлыя надзеі…

Абяцае,

А я ляжу –

глухі і бессардэчны…

Тады другое сэрца
крыкне ў роспачы –
I я зрываюся з падушкі:

 – Мама!

I я бягу,

бягу,

бягу,

бягу…

A ногі не нясуць.

Яны хітрэйшыя:

Няма дарогі ў час той,

дзе калісьці

Я да грудзей хінуўся камячком,
Куды сягоння клікалі

два сэрцы

I будуць клікаць, покуль два – жывыя:
Адчуць наноў

хвіліну

нараджэння

I радасці бяссоннай ля калыскі…
Няма туды дарогі…

Сон ірвецца…

Каменнае, халоднае здранцвенне…
I –

   мегатонным выбухам –

удар

Сэрца.
 

1966

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий