Ночы і цямнелі, і журыліся.
Толькі ж раптам пробліскі святла:
Зорныя пялёсткі закружыліся –
Яблыня Сусвету зацвіла!
З вышыні пялёсткі ціха падаюць
На лугі, на лес, на сіні плёс.
Да людзей прыходзь ты са спагадаю,
Неспакойны і суровы лёс.
Ствол такі шурпаты Шляху Млечнага, –
На зямлі пусціў ён карані.
Добрага, разумнага і вечнага
Не згараць зярняты і ў агні.
З вераб’ём, і з салаўём, і з зяблікам
Яблыня Сусвету даражэй.
Поўня даспявае жоўтым яблыкам,
Да зямлі схіліўшыся ніжэй.
I няхай ад шчасця вочы мружацца,
I няхай без жалю і слаты
Над планетай кружацца і кружацца
Зорныя пялёсткі дабраты.
Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с.