Віктар Гардзей — Сонца з-за лесу ўстае…

Віктар Гардзей

Сонца з-за лесу ўстае.
Лёт у буслоў невысокі.
Бледныя вусны твае,
Белыя, белыя шчокі.

Смутак яшчэ не прайшоў,
I засталася трывога.
Бачыш, у ранніх буслоў
Шчасця і радасці многа.

Дык і сама не тужы,
Дык і гаркоты не помні.
Робяць буслы віражы,
Першыя згледзеўшы промні.

Колер вясёлых рабін
Дужа кантрасны з табою.
Добра, што я не адзін
Гэтай іду раніцою.

Час, калі сонца ўстае,
Вод арам лета спакусны.
Любыя вочы твае,
Мілыя, мілыя вусны.

Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий