Водбліскі далёкіх бліскавіц

Пераказы

   Змяркалася. Аднак прыцемкі апускаліся на зямлю не такія, як у звычайны ясны вечар, не сінія, не мяккія, а празрыста-блакітныя, дрыготкія, пранізаныя водбліскамі далёкіх бліскавіц. Паблісквала ж усюды: і там, дзе назапашваліся хмары, паволі абнімаючы небасхіл ад паўднёвага захаду да ўсходу, і там, дзе яшчэ святлела чыстае неба.
   Трактар яшчэ не дайшоў да канца загона, як наваколле зноў асвятлілася дрыготкім зарывам. I адразу ўдарыў гром, ды з такой сілай, нібы гэта быў залп тысячы гармат. I рэха пакацілася ад краю да краю зямлі. Яно не паспела змоўкнуць, як грымнула яшчэ раз. I тут паліў дождж. Імкліва, з шумам і плёскатам ён абрушыўся магутным вадаспадам на трактар, на ворыва, на ўсю зямлю.
   Часам роўная страла злучала неба з зямлёй, і там, дзе яна краналася зямлі, усё быццам плавілася з рэзкім сіпеннем. Грымела цяпер бесперапынна, але раскаты грому прыглушаліся шумам ліўню. Вецер узмацнеў і са злосцю круціў вадзяныя струмені. Яны віхурыліся, пеніліся, то бурнымі хвалямі падалі на зямлю, то рассыпаліся пылам, ззяючы вясёлкавымі пералівамі ў бляску маланак.
(166 слоў)

Паводле Т. Хадкевіча.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий