Вось дык сустрэча!

Пераказы і дыктанты

  Сонца ўжо выкацілася з-за лесу, калі Янка выйшаў з дому. У канцы вузкай вясковай вулачкі павярнуў на гасцінец, абсаджаны з двух бакоў маладымі клёнікамі і дубкамі, і ўзяў кірунак да лесу. Сонца паднімалася ўсё вышэй і вышэй. Яно прыемна казытала твар, сагравала кожны кусцік і травінку. Аж пераліваліся вясёлкай, ззялі на іх зіхоткімі шкельцамі буйныя кроплі дажджавой расы. Па сцяжынцы перад самым носам шаснула вёрткая вірлавокая вавёрка. Яна ўскочыла на елку, гойдаецца на галінцы і цікуе за Янкам жоўтымі пацеркамі, нібы пытае ў яго: «Чаго табе трэба, чалавеча?»
 Янка на міг забыўся, куды і чаго ідзе. Як усё роўна першы раз у жыцці ўбачыў вавёрку: стаяў і любаваўся маленькім рыжым звярком. На сцяжынцы, накульгваючы на пярэднюю нагу, паказаўся вялікі, з шырокай грудзінай лось. Убачыўшы зусім блізка ля сябе чалавека, лось прыпыніўся і пачаў стрыгчы вушамі.
 «Вось дык сустрэча», – падумаў Янка і з радасцю гукнуў:
 – Хіба не пазнаў мяне? Га?
 Лось, высока падняўшы ўгару гарбаносую пысу і задраўшы галіны-рогі, нерухома стаяў на месцы і пільна сачыў за чалавекам. Янка развязаў торбачку, у якой ляжаў яго полудзень, дастаў адтуль ладны акраец хлеба і ступіў да звера. Лось, як толькі згледзеў у руках Янкі хлеб, адразу ж рушыў яму насустрач.
 Янка гладзіў лася па галаве і прыпамінаў тую першую і балючую сустрэчу са зверам.
 …Стаяў пачатак верасня. Цвілі сінія, як лён, верасы, з дрэў пакрыху ападала жоўклае лісце. Ужо спускалася за купчасты сасоннік сонца, калі Янка выйшаў з лесу. Ён прысеў ля дарогі на пляскаты, яшчэ не халодны камень, і раптам пачуў, як з ляшчынніку да яго даносіцца ціхі, прыглушаны стогн. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў там лася. Звер ляжаў на траве, выцягнуўшы перад сабой акрываўленую нагу і чалавечымі вачыма прасіў у яго, Янкі, дапамогі. Першае, што зрабіў тады Янка, гэта зняў з сябе кашулю, разарваў яе і забінтаваў параненую браканьерамі нагу лася. А потым кожны дзень мяняў на ране павязкі, лячыў звера травамі – настоем прамываў хворую нагу. Лось пакуль што хадзіць не мог, і Янка прыносіў яму канюшыну і сена, паіў вадой, падоўгу, седзячы каля яго, расказваў пра школу, пра сябе, нібы падбадзёрваючы «хворага». Праз два тыдні лось падняўся і, крыху кульгаючы, падаўся ў лес.
 Янка скарміў ласю хлеб, зноў пагладзіў яго па галаве і пайшоў, але лось ступіў за ім следам. Янка прыпыніўся.
 – Ну, ідзі сваёй дарогай. Няма болей у мяне хлеба. Чуеш, дурненькі? Другі раз сустрэнемся, тады і пачастую цябе…
 На павароце Янка азірнуўся. Лось нерухома стаяў на месцы і глядзеў яму ўслед.
(403 словы)
 
Паводле Я. Галубовіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений