Вось якія «мішкі»

Пераказы і дыктанты

  У межах Бярэзінскага запаведніка жыве, па апошніх звестках, каля сарака дарослых мядзведзяў. Маладыя мядзведзі новых пакаленняў рассяляюцца паступова і далей, за межы запаведнай тэрыторыі.
 – Мядзведзь зусім не такі ўжо просты, звычайны звер, як некаторыя думаюць, – сказаў неяк Аляшкевіч. – Не, мядзведзь зусім не дурны. Ён ведае шмат з таго, пра што людзі часам і здагадацца не могуць. Праўда, мядзведзі не ўсюды аднолькавыя, як і людзі. Як кажуць, не на адзін капыл зроблены. Адзін разумнейшы, другі дурнейшы. Адзін здагадлівы, хітры ды кемлівы, а другі праставаты, тупаваты. Адзін смелы, цікаўны, лезе напралом, а другі баязлівы, асцярожны, дзейнічае з аглядкай. Адзін злы, другі лагодны. Яны таксама адрозніваюцца і колерам поўсці, і ростам. Ёсць і цёмна-бурыя, амаль чорныя, і светла-карычневыя, і рыжаватыя, і шараватыя. Ёсць вялікія і малыя.
 Стары егер зірнуў на мяне шэрымі разумнымі вачыма, хітравата прыжмурыўся і заключыў трошкі іранічна:
 – Вось якія яны, гэтыя нашы так званыя «мішкі». У запаведніку іх набярэцца прыблізна галоў з трыццаць, калі не больш.
 Егер расправіў свае невялікія, але даволі густыя вусы, якія былі, здаецца, зусім яшчэ нядаўна колеру спелага пшанічнага коласа, а не такія сівыя, як цяпер, і пачаў расказваць, нібы ўспомніўшы дадатковыя дэталі таго, гаворка пра што ішла раней.
 З расказу егера я зразумеў, што розныя мядзведзі жывуць у лесе, але чалавека кожны з іх баіцца. Самі без прычыны на чалавека яны не нападаюць. Асабліва ўлетку, калі мядзведзь сыты, настроены мірна, лагодна. Але асцярога ўсё ж патрэбна, лепш яму ў вочы не лезці. Хто ж ведае, што можа яму прыйсці ў галаву.
 У познюю восень ці ў пачатку зімы вельмі небяспечны стары мядзведзь, які яшчэ не лёг спаць на зіму, бо не знайшоў сабе зручнага месца для спячкі ці з якога іншага выпадку. Блукае ён тады па лесе без пэўнай мэты, галодны, злы, неўраўнаважаны. Зімою такі беспрытульны бадзяга гатовы кінуцца на ўсё жывое, на першага сустрэчнага, хоць сабе і на чалавека. Гатовы задраць кожнага, бо згаладалы, таму і глядзіць на ўсё, як на сваю здабычу. А ў звычайных, нармальных умовах, асабліва ўлетку, мядзведзь – звер не зласлівы, а нават лагодны.
 Корміцца ягадамі чарніц і брусніц, суніц і малін, крушыны і каліны, парэчак, сцёбламі і каранямі розных палявых і лугавых раслін, гароднінай і садавіной. Асабліва любіць мёд. Але разам з расліннай ежай мае патрэбу і ў мясной. Адным словам, звер ён усёедны, як дзік ці, дарэчы, як чалавек. Выпадкова знойдзенай спажывы мядзведзю, відаць, недастаткова. Вось ён і нападае часам, калі не хапае мяса, на лася, дзіка, казулю, а таксама і на хатнюю жывёлу: кароў, коней, авечак, свіней.
 Малады мядзведзь, выхаваны з маленства ў няволі, хутка прывыкае да чалавека і робіцца нібыта зусім свойскі. Але цалкам давяраць яму не варта. Ніколі немагчыма здагадацца, на што здольны мядзведзь, што можа ён зрабіць у тым ці іншым выпадку. Гэта будзе залежаць ад яго настрою ў кожнай канкрэтнай сітуацыі.
 Трэба адносіцца да яго асцярожна, бо, адчуўшы сваю вялізную сілу, перастаўшы баяцца чалавека, мядзведзь можа зусім нечакана ператварыцца з дабрадушнага, гультаяватага і, здавалася б, рахманага цельпука ў нахабнага, спрытнага ў руху, патрабавальнага і здрадлівага самадура, небяспечнага драпежніка і шкодніка.
 Асабліва характэрна такая неўраўнаважанасць для старых мядзведзяў, якія добра разумеюць сваю магутнасць, фізічную перавагу над усімі іншымі жывымі істотамі ў навакольнай мясцовасці.
 Такія вывады зрабіў я для сябе з таго, што чуў пра мядзведзяў.
(533 словы)

Паводле В. Вольскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий