Выдра падвяла

Пераказы і дыктанты

  Мікалай нарадзіўся ў вёсцы ля вярхоўя Нёмана. Добра плаваў, ныраў, лавіў рукамі рыбу. На гэта таксама спрыт патрэбны. Быў ён у дзяцінстве сціплым, ціхім. А вырас, аб’ездзіў паўсвету мараком – стаў задавацца.
 – Што твой Нёман – раўчук! У ім толькі жабы ды печкуры водзяцца! Я ж кітоў у акіяне за хвост лавіў, на чарапахах ездзіў вярхом! Акул за хвост на палубу выкідваў! – пахваляўся ён.
 Мо і да сённяшняга дня так бы хваліўся Мікалай, каб не збіла з яго пыху… выдра.
 Выдра захапілася на паляванні і далёка адплыла ад свайго гнязда. Не агледзелася, як пачаўся дзень. А тут яшчэ рыбакоў назбіралася шмат. Яна і рашыла пераседзець да ночы ў адной з запасных схованак.
 Непадалёку пачуўся шум – гэта рыбакі зацягнулі невад. Дзеці плюхаліся ля берага і выганялі рыбу. Выдра таксама не ўседзела ў неглыбокай нары пад навіслым берагам і паплыла да знаёмага палена, дзе не раз хавалася ў час небяспекі.
 Крык, смех набліжаліся да яе. Спалоханая рыба, убачыўшы сетку, пачала хавацца пад карчы, у водарасці, ямы. Побач з выдрай затаілася некалькі вялікіх рыбін. Язь сваім хвастом нават казытаў па яе носе. Стары лешч лёг на дно. Выдра таксама сцішылася і пачала чакаць. А невад набліжаецца! Вось ён над самай галавой, але зачапіўся за палена і спыніўся.
 Адзін з рыбакоў нырнуў, каб вызваліць невад. Яго рука мільганула ля самай морды выдры, якая ад страху нават вочы зажмурыла. Калі ж расплюшчыла іх, убачыла, што невад пайшоў далей, а рыбак усплывае наверх.
 «Яшчэ трохі пачакаю, – думала выдра, – і можна плысці да берага. Больш так далёка ад гнязда заплываць не буду! Зусім іншая справа сядзець у сваёй нары паміж каранямі пяцісотгадовага дуба. Туды ніхто ніколі не залезе. Хоць сто невадаў хай цягаюць з раніцы да вечара. А тут калаціся ад страху».
 Выдра высунула галаву і хацела плысці, як ля яе нары пачуліся ўсплёск вады і галасы.
 Гэта гаварыў Мікалай (ён прыехаў на адпачынак у родную вёску) са сваім братам Мішам, вучнем трэцяга класа. Мікалай збіраўся паглядзець пад паленам, бо там заўсёды што-небудзь бывае. Да гэтага ён ужо выкінуў на пясок здаравеннага язя, за ім папаўся лешч, якога Мікалай з пашанай вынес на самы бераг, шырока расставіўшы рукі.
 Выдра насцярожылася: з’явіўся чалавек. Ён вадзіў рукамі прама каля яе носа, што ледзь паспела адсунуцца. Але вось зноў з’явіўся – і выдру прыціснулі да палена дужыя рукі, пацягнулі ўверх. Выдра страпянулася і кіпцюрамі драпнула марака па жываце, грызанула зубамі за грудзі.
 Рукі аслабелі. Звярок выскачыў наверх, глытнуў паветра і зноў схаваўся ў ваду. Мікалая ж не было.
 Мішка на беразе залямантаваў. На крык збегліся рыбакі.
 Нарэшце вынырнуў Мікалай, белы як палатно. Па жываце і грудзях цяклі чырвоныя ручайкі, фарбавалі мокрае цела.
 Выдра ж паказалася яшчэ раз на сярэдзіне Нёмана і паплыла на сваю пастаянную кватэру.
 На беразе рыбакі перавязвалі Мікалая, жартавалі, каб быў больш асцярожным, бо выдра магла і вочы павыдзіраць.
 – Надумаўся рукамі драпежніцу злавіць! – гаварылі рыбакі. – Гэта табе не акул за хвост на палубу выкідваць!
 З таго часу мінула шмат гадоў. Вырас Міша. Збылася яго мара – стаў, як брат, мараком. Штогод прыязджае з Мікалаем на знаёмыя берагі адпачыць. Купаюцца разам у Нёмане, ныраюць, ловяць рукамі рыбу. Але выдры пабойваюцца: што ні кажы, выдра ёсць выдра! Яе голымі рукамі не возьмеш!
 I Мікалай перастаў хваліцца. Ледзь што, не выцерпіць хто-небудзь і папросіць расказаць, як ён з акіяна акул за хвост выкідваў, а ў Нёмане выдру рукамі лавіў.
 Пад вясёлы смех сяброў прыкусваў губу марак…
(554 словы)

Паводле В. Гурскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений