Выратаванне

Пераказы і дыктанты

  Цішыня і спакой панавалі навокал. Здаецца, нішто не магло парушыць млявую рахманасць гэтага спякотнага дня. I раптам Вера заўважыла над шыферным дахам сваёй хаты бялёсае воблака, якое клубілася, разрасталася, падымалася вышэй купчастага клёна. Спачатку дзяўчынка не паверыла сваім вачам.
 Што ж там такое? Адкуль гэтае воблака? Разгубленасць працягвалася нейкае імгненне, не больш.
 Яна закрычала і не пачула свайго голасу. Страшэнная здагадка аглушыла яе, закружыла шалёным віхрам і панесла туды, дзе ўвачавідкі расплывалася злавеснае воблака, высвечанае чэрвеньскім сонцам. Вера пабегла так, як яшчэ не бегала ў сваім жыцці. I адкуль толькі ў яе з’явіліся сілы, каб бегчы ўсё хутчэй і хутчэй, каб не задыхнуцца ад жаху і адчаю? Рыўком адчыніла веснічкі, ускочыла на двор і застыла.
 Вера ўсё яшчэ спадзявалася, што злавеснае воблака над іх хатай – падман зроку, што ўсё гэта – страшны сон. Але гэта быў не падман, гэта была нядобрая праўда. Густы шызы дым валіў з расчыненага акна, клубіўся каля сцен, шугаў уверх. Вунь ужо і белая квецень язміну пачарнела, страціла ранішнюю свежасць і прыгажосць.
 – Людзі, пажар! – Верын голас узвіўся у спякотнай цішыні. – Ратуйце!
 Толькі ці пачуў хто яе роспачны крык? Можа, воран Карлуша, які кружыў над хатай, ды яшчэ дзве ластаўкі, што насіліся каля свайго гнязда?
 Вера кінулася да дзвярэй сенцаў і рванула іх на сябе. Дым быў усюды: у сенцах, прыхожай, спальні. Ён сляпіў вочы, перахопліваў дыханне, ад яго нідзе не было збавення. Вера амаль што вобмацкам дабралася да Паўлікавага ложка, але там не знайшла брата.
 – Паўлік! – крыкнула яна, закашлялася і заплакала. – Паўлік!
 Зазірнула за шафу, потым залезла пад ложак, але і там было пуста. Выбегла ў залу, агледзела ўсё, задыхаючыся ад едкага дыму і жахлівага прадчування, потым стала шукаць навобмацак. Яна не магла крычаць, а толькі ціхенька галасіла, амаль што трацячы розум.
 Полымя бушавала на кухні, яго чырвоныя языкі ўжо прабіваліся ў залу праз прыадчыненыя дзверы. Вера кінулася назад у спальню і раптам пачула ціхі Паўлікаў плач, што даносіўся з бакоўкі, адгароджанай ад спальні квяцістымі шторамі. I як яна забылася пра бакоўку? Раней жа там жыла бабуля, і ўнучка любіла вечарамі залазіць да яе пад коўдру, каб паслухаць казкі.
 Паўлік зашыўся ў куток за тумбачкай і зняможана плакаў, голас яго быў ледзь чутны. Сястра кінулася да браціка, а той моцна абхапіў яе шыю рукамі і закрычаў з адчаем і радасным утрапеннем.
 За сцяной бушавала вогненнае пекла. Гуло, трашчала, завывала. Адлік часу ішоў на секунды, дзясятыя долі імклівага імгнення. Паспець, выскачыць, толькі б не спазніцца! А шлях быў да дзвярэй, у прыхожую, праз густы дым, у сенцы, на сонечны двор.
 Выскачыла Вера з Паўлікам на руках з дымнага пекла, прабегла каля пачарнелага куста да расчыненых веснічак, вынесла малога на вуліцу. Пасадзіла браціка за дарогай на ўзгорку, а сама – назад, да палаючай хаты, у жудасны пякельны касцёр. На шчасце, па вуліцы на дапамогу ёй ўжо беглі людзі.
(459 слоў)

Паводле М. Зарэмбы.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 4.33 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений