Выстаўка

Пераказы і дыктанты

  Тою вясною неяк асабліва рана зацвілі ландышы. Яшчэ не паспела як след развінуцца клейкая маладая лістота на дрэвах, яшчэ ў гарадскіх скверах і парках не ўкрыла зямлю трава, а ўжо тыя ж бабулі, што не так даўно прадавалі пралескі, стаялі, трымаючы ў руках далікатныя букецікі ландышаў.
 Якраз тою парою адкрылася ў Палацы мастацтваў выстаўка. Добра памятаю гэта, бо ўпершыню зайшла туды з духмяным белым букецікам. Я часта туліла яго да твару, адчуваючы незвычайна тонкі водар гэтых мілых кветак. Побач са мною быў Віктар. Ён глядзеў на мяне радаснымі вачыма, раз-пораз нахіляўся і шэптам пытаў: «Падабаецца?»
 Мне ў той дзень падабалася ўсё. I белыя, цнатліва-чыстыя кветкі, і вясновы сонечны дзень, і вясёлыя ўзбуджаныя твары людзей. Я перажывала высокае, ні з чым не параўнанае ўзрушэнне. Здаецца, я ўпершыню была так моцна захоплена, зачаравана мастацтвам. То была мая першая сустрэча з сапраўдным майстрам. Так, так, першая. Тут найперш была роднасць, тут найперш было яднанне тваёй душы з тым светам, у які цябе нязмушана, але настойліва вёў мастак. Гэта быў твой свет. I было такое дзіўнае адчуванне, што ты калісьці ўжо жыў у гэтым свеце, бачыў і любіў гэтых людзей, але здарылася нейкая непапраўная бяда з тваёю душою, і ты надоўга забыў гэта ўсё, не думаў, не ўспамінаў яго, жыў з дня ў дзень дробным і мітуслівым жыццём, думаючы, што так і трэба, што гэта і ёсць тое тваё прызначэнне, дзеля якога ты і народжаны на белы свет.
 Вялікі, нязнаны дасюль сорам падымаўся ў маёй душы і спапяляў усю істоту. Я пераходзіла ад карціны да карціны, як усё роўна ступала па распаленых камянях мінулага. Яно паўставала перад вачыма – шарачкова-беднае, гаротна-цяжкае, гераічна-мужнае. I тваё, тваё, тваё. Усё да самай кропелькі. Мастак міласціва вяртаў яго тваёй душы, як неразумна і балюча страчаны скарб, без якога і душа твая не душа, без якога і ты нечалавек.
 Я памятаю, як выйшлі мы тады з палаца, як доўга маўчалі. Быў ужо вечар. Ціхі і цёплы. Уляглася дзённая вулічная мітусня, горад адпачываў.
 Загаварыў першы Віктар. I словы яго ўпалі нечакана, як халодныя кроплі дажджу. Мне захацелася схавацца ад іх, як-небудзь абараніцца. Я ўмольна ўзняла вочы:
 – Давай памаўчым, ладна?
 Але ён не зразумеў мяне.
 – Чаму памаўчым… Ведаеш, ён, канешне, майстра. Нічога не скажаш. Тэхніка, вытанчанасць, усё такое. Але… Усё гэта так патрыярхальна, несучасна, так далёка ад нас. От, каб бабулю маю сюды – ёй бы якраз. А нам, нам ад мастацтва трэба іншае. Ну што хоць бы гэтыя партрэты сялян. Ну тыпы, ну й што. Мне трэба сённяшні чалавек, я хачу яго бачыць.
 «А што значыць сённяшні?» – парывалася запытаць я, але не запытала, бо загадзя ведала, што ён адкажа.
 Нечакана захацелася астацца адной, і я паспяшалася развітацца. Ён пакрыўджана кіўнуў галавою, не азіраючыся, пайшоў па вуліцы. А я стаяла, чуючы, як горка пахнуць у маіх руках прывялыя без вады ландышы…
 З таго часу я штодня, як толькі канчаліся ў інстытуце заняткі, адна ішла ў Палац мастацтваў. Я ўглядвалася ў твары сваіх продкаў. У кожную іх рысачку. Я пазнавала іх. Мудрых, стомленых жыццём і працаю, але ўчэпістых, цягавітых, з неспатольнаю прагаю жыцця ў спакойных славянскіх вачах.
(507 слоў)
   
Паводле Х. Лялько.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий