Ядвіга Бяганская — Чаму пачырванеў Вадзік?

Ядвіга Бяганская

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 У класе ціха, ціха. У другакласнікаў урок малявання. Учора яны хадзілі з настаўніцай у лес, а сёння Ніна Пятроўна сказала, каб кожны намаляваў тое, што яму найбольш спадабалася ў лесе.
 Вадзіку спадабаўся грыб-мухамор. Ён стаяў пад дрэвам у вялікім чырвоным капелюшы.
 А Вадзікава суседка Верачка намалявала рабіну і цяпер прыбірае яе ў чырвоныя каралі. Яна так захапілася работай, што нават высунула кончык языка. Але вось бяда: не паспела Верачка намаляваць і паловы караляў, як раптам – трах! – зламаўся яе чырвоны аловак.
 – Вадзік, дай мне сваю тачылку, у мяне аловак зламаўся, – папрасіла Верачка свайго суседа.
 – А дзе твая? – строга запытаў Вадзік.
 – У мяне няма.
 – Чаму ж ты мне пра гэта ўчора не сказала? Я б табе сваю старую тачылку прынёс. Яна крыху ступілася, але аловак яшчэ затачыць можна. Заўтра я табе яе прынясу.
 – Мне трэба зараз, а не заўтра, – пакрыўдзілася Верачка.
 – А дзе ж я табе зараз яе вазьму? Яна ж у мяне дома засталася.
 – Дык у цябе ж вунь новая тачылка ляжыць, – сказала Верачка.
 – Э, не! – пакруціў галавой Вадзік. – Новую я табе не дам. Калі я пачну яе ўсім даваць, дык яна хутка ступіцца, – і ён схаваў тачылку ў пенал.
 – Жмінда! – сказала Верачка і заплакала.
 – Верачка, чаго ты плачаш? – запыталася настаўніца.
 – Мой чырвоны аловак зламаўся… Чым жа я цяпер ягадкі намалюю на сваёй рабіне? – усхліпнула Верачка.
 Настаўніца абвяла вачыма прыціхлы клас і запытала:
 – Дзеці, хто можа даць Верачцы свой чырвоны аловак?
 I не паспела яна сказаць гэта, як да Верачкі з усіх бакоў пацягнуліся рукі з алоўкамі. Кожны хацеў дапамагчы Верачцы.
 Толькі адзін Вадзік нібы нічога не чуў і не бачыў. Ён нізка схіліўся над сваім сшыткам, а вушы яго раптам зрабіліся чырвоныя-чырвоныя.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий