Ядвіга Бяганская — Дзе начавалі рукавічкі

Ядвіга Бяганская

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Уночы выпаў снег. Ён заслаў зямлю і дахі дамоў бялюткім чыстым абрусам, надзеў на слупкі парканаў высокія пушыстыя шапкі, засыпаў кусты і кветнікі.
 Глянула Ірынка ў акно і не пазнала свайго двара, такі ён святочны, такі прыгожы.
 А вось і сябры яе – Юра, Надзейка, Віця. Бегаюць, смяюцца, снежкамі кідаюцца. Убачылі, што Ірынка праз акно глядзіць, падбеглі і клічуць:
 – Ірынка, ідзі да нас, будзем снежную бабу ляпіць.
 I Шарык кліча сваю гаспадыню. Ён глядзіць на яе і весела, звонка брэша.
 – Іду! – крычыць праз акно Ірынка і бяжыць апранацца.
 Многа насыпала снегу за ноч. Добрую бабу можна  зляпіць. Скачалі дзеці вялізны снежны шар, паставілі яго сярод двара ды ўзяліся другі рабіць. Зрабілі другі, крыху меншы, І паставілі яго на той першы.
 – Тулава ёсць, – сказаў Юра. – Будзем галаву рабіць.
 Скачалі дзеці са снегу трэці, яшчэ меншы шар і паклалі на самы верх.
 – А цяпер трэба зрабіць нашай снежнай бабе вочы, нос і рот, – сказала Надзейка.
 Пакорпаўся Юра ў адной кішэні, пакорпаўся ў другой і знайшоў дзве новенькія гайкі, якія яму пашчасціла атрымаць на аўтазаводзе, калі іх клас на экскурсію туды хадзіў. Уставіў Юра снежнай бабе замест вачэй гайкі. Цудоўныя вочы атрымаліся. А там, дзе павінен быць нос, уторкнулі бабе таўшчэзную моркву.
 Прыгожая выйшла баба, вясёлая. Да самага абеду гулялі каля яе дзеці, прыхарошвалі, падпраўлялі.
 А калі пачалі разыходзіцца, Ірынка раптам успомніла пра свае рукавічкі і ўсклікнула:
 – Ой, а дзе ж мае рукавічкі! Я іх вось тут, каля гэтага слупка, паклала, калі бабу пачалі ляпіць.
 – Зараз знойдзем твае рукавічкі, – сказала Надзейка. – Нікуды яны не дзенуцца.
 Доўга шукалі дзеці Ірыны рукавічкі, ды так і не знайшлі.
 – Мае рукавічкі… Іх мне бабуля ўвосень звязала… Гэта яе апошні падарунак… – плакала Ірынка. – Я так любіла іх, так берагла… Няма ў мяне больш бабулі і рукавічак яе няма…
 Шкада было дзецям Ірынку, пасмутнелі яны, прыціхлі. I рады б дапамагчы сяброўцы, знайсці яе рукавічкі, ды дзе іх шукаць – не ведаюць.
 Пад вечар дзеці зноў выбеглі пагуляць. Выйшла на двор і Ірынка. Толькі было ёй зусім нявесела. Хадзіла яна па двары, ва ўсе куточкі зазірала, рукавічкі свае шукала.
 – I куды яны маглі падзецца? – уздыхала дзяўчынка. – Можа, іх снежная баба схавала?
 Сцямнела. У вокнах засвяціліся агеньчыкі. Апусцеў і прыціх двор. Засталася снежная баба адна.
 Уночы пацяплела. А пад раніцу прайшоў дождж, і ад снежнай бабы застаўся толькі невялічкі грудок снегу, а на ім… чырвоныя Ірыны рукавічкі. Відаць, не заўважылі іх дзеці ды закачалі ў адзін з тых шароў, з якіх рабілі снежную бабу.
 Прачнулася раніцай Ірынка, глянула праз акно і вачам сваім не паверыла.
 – Рукавічкі? Бабуліны рукавічкі! – радасна ўсклікнула яна і кінулася да дзвярэй.
 На дварэ свяціла сонейка, і ад учарашняга снегу толькі лужынкі адны засталіся. Відаць, ужо адышла пара ляжаць яму на двары.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий