Ядвіга Бяганская — Каму сказаць «дзякуй»?

Ядвіга Бяганская

  Прынесла бабуля гладыш малака і пачала частаваць сваіх унукаў:
 – Піце, дзеткі, малако. Яно смачнае, карыснае, будзеце здаровыя і дужыя.
 – Дзякуем табе, бабуля, – выпіўшы малако, сказалі ўнукі.
 – А вы не мне дзякуйце, а маёй кароўцы. Гэта ж яна дае малако.
 Пабеглі дзеці на двор і пачалі дзякаваць карове, якая стаяла каля студні:
 – Дзякуем табе, кароўка, за смачнае малако.
 – Добра, што маё малако вам спадабалася. Але дзякаваць за яго трэба не мне, а траве, якую я скубу, – адказала карова.
 Пабеглі дзеці на зялёны луг, пакланіліся нізка траве:
 – Дзякуем табе, трава, што корміш нашу кароўку, якая дае смачнае малако.
 – Карова цэлы дзень пасвіцца на лузе. Вось і падзякуйце зямлі, на якой я расту.
 Пакланіліся дзеці зямлі і сказалі:
 – Дзякуем табе, зямля, за траву, якую скубе наша кароўка і дае смачнае малако.
 – Падзякуйце вадзе, якая поіць траву, – адказала зямля.
 Пабеглі дзеці да ракі, пакланіліся вадзе:
 – Дзякуем табе, вада, што поіш траву, якую скубе бабульчына кароўка, каб пачаставаць нас малаком.
 – Гэта праўда, я дапамагаю зямлі вырошчваць траву. Але падзякуйце і сонцу за цяпло. I помніце, што толькі наша агульная праца дае вашай кароўцы смачнае малако.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий