Ядвіга Бяганская — Сябры

Ядвіга Бяганская

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Міхась і Толік жылі на адной вуліцы, але не ведалі адзін аднаго. Пазнаёміліся яны першага верасня, калі прыйшлі вучыцца ў школу. Пазнаёміліся і пасябравалі. Цяпер яны ходзяць у першы клас «А», сядзяць за адной партай і дня адзін без аднаго не могуць пражыць. Усё ў іх агульнае – і снеданне, і алоўкі, і пластылін, і цацкі. Усім яны дзеляцца, нічога адзін аднаму не шкадуюць.
 Калі мама, выпраўляючы Міхася ў школу, дае яму снеданне, ён заўсёды пытае:
 – А пра Толіка ты не забылася?
 – Не забылася, не забылася, – усміхаецца мама.
 Toe самае гаворыць сваёй маме і Толік.
 – Міхась і Толік – добрыя сябры, – кажа настаўніца, і ніхто не пярэчыць ёй, бо ўсе бачаць, што Толік і Міхась адзін за аднаго гатовы ў агонь і ў валу пайсці.
 Паставіла неяк настаўніца Міхасю двойку за тое, што ён неахайна хатняе заданне выканаў, дык Толік падышоў да яе, падаў свой сшытак і кажа:
 – Калі вы Міхасю двойку паставілі – стаўце і мне.
 – А навошта ж табе? – смяецца настаўніца. – Ты ж стараўся, напісаў чыста, правільна.
 – Усё роўна пастаўце.
 Аднаго разу Толік не прыйшоў у школу, і Міхась сядзеў за сваёй партай сумны-сумны. Нават любімыя цукеркі «Тузік» здаваліся яму зусім не смачнымі, і вінаград таксама.
 Адзін урок прайшоў – няма Толіка, другі прайшоў – няма, а пасля трэцяга Міхась не вытрымаў, сабраў паціху свае кніжкі, выйшаў са школы і пабег да сябра.
 – А дзе ж Міхась? – запытала настаўніца на апошнім уроку.
 Паглядзелі дзеці, і сапраўды няма Міхася, парта пустая.
 – Мусіць, да Толіка пабег, – сказаў нехта.
 Нічога не сказала настаўніца, толькі галавой паківала. Хіба ж можна без дазволу настаўніцы пакідаць школу.
 А Міхась тым часам прыйшоў да Толіка, а той ляжыць у пасцелі. Горла ў яго завязана, галава баліць.
 – Ну, сынок, давай піць лякарства, – кажа мама, падыходзячы да ложка.
 – Ой, мамачка, яно ж такое горкае, – ледзь не плача Толік.
 – Пі, пі, сынок, а то доўга будзеш хварэць і школа па табе засумуе.
 Толік і сам сумуе па школе. Усяго толькі адзін дзень ляжыць у ложку, а ўжо не можа дачакацца, калі пойдзе ў свой першы клас. Цікава ў школе, весела.
 – Давай вып’ем гэта горкае лякарства разам: палову я, а палову ты, – шапнуў Міхась, калі мама наліла ў шкляначку нейкай жоўтай вадкасці і адышла ад ложка.
 – Давай, – згаджаецца Толік.
 Лякарства і сапраўды вельмі горкае, але Міхась церпіць і выгляду не падае, што піць яго гідка.
 – Ну, а цяпер ты, – адпіўшы палову, кажа ён сябру. – Яно не такое ўжо і горкае, пі ды папраўляйся хутчэй.
 Толік крывіцца, заплюшчвае вочы і падносіць да рота шклянку. Лякарства і сапраўды здаецца яму менш горкім. Ён здзіўлена глядзіць на Міхася, усміхаецца і гаворыць:
 – Мусіць, я таму і захварэў, што ўчора ўсю порцыю марожанага сам з’еў, цябе не пачакаў.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий