Ядвіга Бяганская — Толік і снегіры

Ядвіга Бяганская

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 – Мама, мамачка, глядзі, якія прыгожыя птушкі ў наш сад прыляцелі. Я гэтакіх ніколі не бачыў! – радасна ўсклікнуў Толік.
 Мама падышла да акна. На галінцы яблыні сядзелі дзве чырванагрудыя птушкі.
 – Гэта, сынок, снегіры, – усміхнулася мама. – Яны зімой да нас прылятаюць разам з першым сняжком.
 – А што ж яны будуць есці, калі на дварэ зіма і ў садзе нічога няма? – устрывожана запытаў Толік. – Можа, ім хлеба накрышыць ды кінуць?
 – Як жа ты ім кінеш, сыночак? Яны спалохаюцца і паляцяць.
 – А я праз фортку.
 Толік падбег да стала, хуценька накрышыў хлеба і ўзлез на падаконнік. Але не паспеў ён адчыніць форткі і прасунуць руку, як птушкі спалохана сарваліся з месца і паляцелі.
 – Дурненькія. Я іх накарміць хацеў, а яны… – расчаравана прамовіў хлопчык.
 – А ты не крыўдуй на іх, сынок. Снягір, як і кожная вольная птушка, людзей баіцца, блізка да сябе не падпускае.
 На другі дзень снегіры зноў прыляцелі ў сад. Але цяпер яны селі на куст бэзу, што рос пад самым акном, і пачалі выдзёўбваць насенне з пасохлых леташніх кветак. Толік, не зводзячы вачэй, глядзеў на прыгожых чырванагрудых птушак.
 – А ведаеш, сынку, давай зробім нашым гасцям кармушку, – сказала мама, калі снегіры, пад’еўшы, пакінулі сад. – Ану, бацька, дапамажы сыну змайстраваць птушыную сталоўку.
 Неўзабаве на яблыні, што расла насупраць акна, вісела кармушка.
 Кожную раніцу, насыпаўшы ў місачку крошак, круп, зярнятак, Толік спяшаўся ў сад, дзе яго, пасеўшы на галінах дрэў, чакалі птушкі. Яны ўжо не баяліся Толіка і сустракалі яго, як свайго сябра.
 Усю зіму ў «сталоўцы» Толіка было поўна гасцей. Тут былі і снегіры, і сінічкі, і вераб’і. Аднаго разу нават сарока завітала да Толікавай кармушкі. I Толік не мог парадавацца на сваіх вясёлых крылатых гасцей. Ён гатоў быў гадзінамі стаяць ля акна і любавацца птушкамі. Больш за ўсіх яму, вядома, падабаліся чырванагрудыя прыгажуны – снегіры. Калі яны прыляталі, хлопчыку здавалася, што ў сад прыйшла вясна і на дрэвах расцвілі дзівосныя ружовыя кветкі.
 А неўзабаве вясна і сапраўды прыйшла. З цёплым ветлівым сонейкам, з вясёлымі звонкімі капяжамі, з першымі пралескамі. I ўсе радаваліся яе прыходу, расчынялі насустрач ёй вокны. Адзін толькі Толік хадзіў невясёлы. Ужо трэці дзень на яго кармушку не прыляталі снегіры. «I куды толькі яны падзеліся?» – уздыхаў Толік.
 – Не бядуй, сынок, зімой яны зноў прыляцяць на нашу кармушку, – пацяшала Толіка мама.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий