На долю гераіні Тамашыхі выпалі цяжкія выпрабаванні лёсу: сірочае дзяцінства, пастаянная нястача, голад, цяжкая праца і, нарэшце, самае страшнае — смерць дзяцей, знясіленых паўгалодным жыццём і недзіцячай працай.
Пісьменнік, хоць яшчэ і нясмела, выкарыстоўвае форму няўласна-прамой мовы. Ён ад свайго імя апавядае пра жыццё Тамашыхі, але ў аўтарскае апавяданне часам уліваецца моўная плынь з не ўласцівымі яму размоўнымі інтанацыямі. Гэта апісанне падзей і чалавечых настрояў з пункту погляду гераіні, выяўленне светаразумення гаротнай вясковай жанчыны, непісьменнай, забітай і бяспраўнай.
Такім чынам, вобраз Тамашыхі аказваецца асветленым «знутры» — у няўласна-прамой мове самой гераіні, якая мяркуе і аб сваіх учынках, і аб розных праявах вясковага жыцця, зыходзячы з уласнага вопыту, вузкага кола ўзаемаадносін з блізкімі ёй людзьмі, з аднавяскоўцамі; і як быццам бы збоку — у характарыстыках пісьменніка, які бачыць падзеі шырэй і прад’яўляе патрабаванні да жыцця, да грамадства, зыходзячы з высокіх ідэалаў гуманізму, сацыяльнай справядлівасці. Гэта і ёсць пачатак, зародкі аб’ёмнасці ў паказе чалавека.
Апавяданне «Гаротная» не багата на знешнія падзеі, але драматызм гэтых падзей глыбокі і хвалюючы. Цёмная, энясіленая горам і адчаем жанчына адважваецца на небяспечныя сродкі, змагаючыся за жыццё сына, і не толькі не выратоўвае яго, але паскарае смерць. Праўда, і тут замалёўка таго ці іншага псіхалагічнага стану яшчэ не стварае цэласнага літаратурнага характару. Сюжэт апавядання будуецца не на сутыкненні характараў (іх у творы яшчэ няма), а на апісанні падзей. Але на тым этапе, калі псіхалагічнае апавяданне знаходзілася ў працэсе станаўлення, дасягненнем для прозы былі і псіхалагічныя эцюды, эмацыянальна яркія і праўдзівыя, якімі напоўнена большасць рэалістычных твораў Ядвігіна Ш. Апісаныя ў такіх апавяданнях, як «Зарабляюць», «Шчаслівая», «Зарабіў», жыццёвыя гісторыі сваім аб’ектыўным зместам выклікаюць пратэст супраць той сацыяльнай рэчаіснасці, у якой столькі жорсткасці, бесчалавечнасці, столькі слёз і гора.