Як Васька Блін стаў генералам

Пераказы і дыктанты

   Нас было чацвёра: Лёнька Гром, Пецька Грук, Міцька Верас і Блін. Не, звалі яго Васька Радзевіч, але для нас ён заўсёды быў проста Блін.
   Ды што там Блін! Мы давалі Ваську самыя крыўдныя мянушкі, а ён лыпаў чорнымі вачанятамі і маўчаў. Маўчаў, бо ведаў, што калі запярэчыць, то атрымае дзесяць сутак. А як жа! Мы, усе трое, яго камандзіры!
   Блін жа быў радавы. Гэта ён, разгарнуўшыся ў баявы ланцуг, бег следам за «генералам» Лёнькам Громам, штурмаваў адну крэпасць за другой. Следам за ім, цяжка дыхаючы, танкам пёр напралом тоўсты Пецька Грук, наш начальнік штаба. А потым ужо сігаў я, камісар дывізіі. Мы з ходу выбівалі ворага з акопаў, кідалі бутэлькі з вадою, уяўляючы, як падаюць ад выбухаў нашых гранат варожыя салдаты.
   Пасля кожнага такога бою мы вярталіся на сваю базу, станавіліся ў строй, і Лёнька Гром чапляў нам, сваім афіцэрам, баявыя ўзнагароды – каляровыя значкі.
   Радавы Блін стаяў анямелы. Атрымаўшы медаль – касцяны гузік, ён упалым голасам казаў: «Зноў медаль». I безнадзейна прасіў даць яму калі не ордэн, то хоць бы званне яфрэйтара.
   Так мінула б, відаць, яшчэ шмат дзён, калі б не адна падзея.
   У той ціхі сонечны дзень мы штурмавалі варожыя ўмацаванні на другім беразе нашай ракі. Васька Блін дапамагаў бацькам рамантаваць на хаце дах, і камандаваць нам не было кім. А таму Лёнька Гром, уздыхнуўшы, аб’явіў:
   – Іду ў разведку сам. Пачуеце крык савы – зараз жы плывіце да мяне на той бераг.
   Лёнька неахвотна распрануўся і, уцягнуўшы галаву ў плечы, плюхнуўся ў ваду, аж спалохана загаманілі гусі на варожым беразе.
   Мы з Пецькам заляглі ў траве і пачалі назіраць за сваім камандзірам. Але бачылі толькі яго рукі, што мільгалі ў залацістых пырсках вады.
   Раптам Лёнька знік пад вадой. Ды тут вынырнуў, замахаў рукамі, і мы выразна пачулі яго немае «р-рату-уйце!».
   З перапуду мы не ведалі, што рабіць, бегалі па беразе і таксама крычалі. А Лёнька ўжо не крычаў. Ён то на нейкі момант з’яўляўся на паверхні вады, то зноў знікаў.
   I тут мы ўбачылі Ваську Бліна. Не распранаючыся, ён сігануў у раку і шпарка паплыў туды, дзе апошні раз паказалася галава нашага камандзіра.
   Ад страху, што зараз не стане і Ваські, мы з Пецькам кінуліся хто куды…
   Пра ўсё, што было потым, мы даведаліся ўжо ў Лёнькавай хаце. Блін выратаваў Лёньку. Той хутка ачуняў і зноў з’явіўся на нашай вайсковай базе. Панура загадаў станавіцца на пазіцыю.
   Апусціўшы вочы, мы папляліся за сваім камандзірам. Ад сораму мае вушы гарэлі, а Пецька шморгаў носам і засяроджана глядзеў на свае белыя ад пылу чаравікі.
   Блін убачыў нас здалёк і, як заўсёды, стаў перад намі па камандзе «смірна».
   – Адставіць, – махнуў рукой Лёнька і, павярнуўшыся да нас, сурова сказаў: – Цяпер наш камандзір – Вася Радзевіч. А мы – яго салдаты. Ясна? Стаць у строй!
   I зноў мы зацята штурмавалі варожыя крэпасці, бралі доты і бліндажы, фарсіравалі раку. Але камандаваў намі ўжо Васька Блін, наш новы «генерал». Ён чапляў нам медалі за адвагу, а мы дзякавалі і нават не адважваліся папрасіць званне яфрэйтара.
(490 слоў)

Паводле А. Шашкова.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий