Якуб Колас — Леў і воўк

Якуб Колас

  Хадзіў па лузе конь. З лесу выйшаў леў.
 – Я цар над усімі звярмі. Няма на свеце такога звера, каб не баяўся мяне, – кажа леў.
 – Я не веру, што ты самы дужшы звер на свеце, адказвае конь: праўда, ты маеш сілу, але ёсць звяры яшчэ дужшыя.
 – Дык ты не верыш?! Я пакажу табе сілу! – крыкнуў леў, наліўшы крывёю вочы. – Ці не хочаш ты паспрабаваць маю сілу?
 – Не крычы, леў, і не страш мяне. А сілы чаму не спрабаваць? Можаш ты так стукнуць нагою па камені, каб агонь з яго пасыпаўся?
 – А ты, ласьне, выбіваеш іскры с каменя нагамі?
 – А вось, глядзі!
 Падвёў конь льва пад камень. У каня на нагах былі сталёвыя падковы. Стукнуў конь капытом, цэлая куча іскраў пасыпалася з каменя.
 Страх апанаваў льва; бягом у лес!
 Убачыўшы воўка, кажа яму леў пра каня, пра яго сілу.
 – I ты яго збаяўся? Эх, а яшчэ царом нашым завешся! Пакажы мне толькі яго: у дзве мінуты капут яму.
 Леў узяў воўка у пярэднія лапы, сам стаў на заднія.
 – Пазірай!
 Льву здавалася, што ён памаленьку дзяржаў воўка, а ў таго трэснулі косці і дух выскачыў вон.
 – Ну, што, бачыш?
 – Нічога не бачу, – кажа воўк.
 – Што ж ты маўчыш?
 Апусціў леў воўка на зямлю, бачыць – воўк не дыхае.
 – Эх, ты! Толькі хвалішся. Глянуў і то самлеў, – і кінуў ён нежывога воўка на зямлю.

Крыніца: Другое чытанне для дзяцей беларусаў / напісаў Якуб Колас; пераглядзеў і прадмову прыпісаў Л. Сеўрук. – Пецярбурх [Пецярбург]: выдалі суполкі: "Загляне сонца і ў наша аконца" і "Наша хата", 1909 (вокладка 1910). – 110 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений