Якуб Колас — Старыя дубы

Якуб Колас

Зноў я бачу, зноў вітаю,

Як паноў вяльможных,

Па-над Нёманам у гаю

Гурт дубоў разложных.

Сам не ведаю, чым мілы,

Чым вы сэрцу любы,

Выхаванцы веку, сілы,

Магутныя дубы.

Чымся мілым, чымся родным

Ад вас павявае,

Аж мне сэрца ў спеў лагодны

Штосьці ахінае.

Узварухнуцца думкі-песні,

Як вашы лісцінкі,

І зноў станеш напрадвесні

Жыццёвай пуцінкі.

Цешуся я, пазіраю

На вас, вежы-дрэвы,

Цьмяна сэрцам прачуваю

Вашы думкі-спевы.

Але шум я не той чую –

І вы парадзелі,

І вы не ўсе буру злую

Знеслі і здалелі.

Ой, асілкі ў ціхім гаю,

Дубы векавыя!

Я вітаю вас, вітаю,

Волаты любыя!

1912 г.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий