Якуб Колас — Воўк-дурань

Якуб Колас

Увага! Поўны змест

  Стары, галодны воўк выйшаў на поле. На полі хадзілі авечкі. Пастух спаў. Скраўся воўк, выбраў самага большага барана-рагаля і кажа яму:
  — Баран, баран! Я цябе з’ем.
  — Што ж! — кажа баран, — такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, дык стань у лагчынцы і разявіся, а я ўзбягу на горачку, разганюся і ўскочу табе у горла цалкам.
  Стаў воўк у лагчынцы, разявіў рот.
  А баран узбег на горку, разагнаўся і — трах воўка на галаве! Аж іскры пасыпаліся з вачэй у воўка, свету ён не ўзбачыў. Перакуліўся разоў два і — драла у лес.
  Бяжыць воўк, бачыць — на балоце конь!
  — Конь, конь! Я цябе з’ем.
  —Што ж! — кажа конь, — такая мая, мусіці, доля. Толькі ж ты здымі з ног маіх падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.
  Нагнуўся воўк, каб скінуць падковы, а конь як дасць яму капытом у патыліцу! Перакаціўся воўк, ды ходу!
  Падбягае воўк к рэчцы. На беразе хадзілі гусі.
  — Гусі, гусі! Я вас з’ем.
  — Што ж! — кажуць гусі, — еш, толькі паграй ты нам, а мы паскачам прад смерцю. У нас такі ўжо закон.
  Прымайстраваўся воўк на купіне, закінуў галаву і давай выць. А гусі крыллямі — лапу-лапу-лапу! Узняліся і паляцелі. А воўк злез с купіны, паглядзеў па гусей і пабег далей. Падходзіць ён пад вёску. Каля вёскі быў хвойнік, дзе мужыкі хавалі на зіму бульбу. У хвойніку рыла свіння.
  — Свіння, свіння! Я цябе з’ем, — кажа воўк.
  — Не, ня еш мяне, пане воўк, у мяне ёсць маленькія дзеткі.
  — Няма чаго!.. я галодны, як сабака. Дзеці твае і без цябе абыдуцца.
  — Дык дазволь ходць схадзіць накарміць іх.
  — А ты ж прыдзеш?
  — Прыду.
  — Ну, глядзі ж!
  Пайшла свіння, а воўк прытуліўся за хвойку, чакае.
  Цераз гадзіну прыходзіць свіння.
  — Ось што, пане воўк, я надта грэшна. Паспавядай ты мяне перад смерцю. Хоць лягчэй будзе ісці на той свет.
  — Ну, добра.
  Свіння пасадзіла воўка каля ямы, на саломцы.
  — У агарод лазіла? — пытае воўк.
  — Лазіла, — прызнаецца свіння, цяжка уздыхнуўшы.
  — Чужое дабро крала?
  — Ох, крала.
  — Меншых свіней кусала?
  — Чаму ж? Кусала.
  — Ну, і грэшная ж ты, свіння! За такі грэх….
  Не дакончыў воўк казання казаць. Як пырне яго свіння лычом. Аж у гору падскочыў воўк і — бух ў яму!
  Сядзіць ён у яме і прычытае:
  — Ці я той хапун, што бараноў цалкам глытаў?! Аў! у!
  — Ці я той каваль, што каня каваў?! Аўу!
  — Ці я той музыка, што гусям граў?! Aўу!
  — Ці я той поп, што свінню спавядаў?! Аў, аў! y-y-у-y!
  Прыбеглі людзі і забілі воўка каламі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий