Ян Баршчэўскі — Рада

Ян Баршчэўскі

  Быў змрочны дзень у палове сакавіка, на панадворку падаў мокры снег. У хаце дзядзька размаўляў з рыбаком Родзькам пра рыбацкую ўдачу, пра гаспадарку ды пра клопаты бедных сялян, якім не будзе чым сёлета сеяць, калі палеткі вызваляцца з-пад снегу. Я падчас тае гаворкі думаў пра падарожжа і марыў, што ў чужых краях зусім іншы свет, пякнейшыя краявіды, прыгажэй цвітуць лугі, больш багатыя ўраджаі на палетках і людзі стакроць шчаслівейшыя. Дзядзька парушыў мой одум, кажучы:
 – Янка доўга гасцяваў у пана Марагоўскага, бываў і ў іншых дамах заможных нашых суседзяў, палюбіў іх ветлівасць, пасябраваў з сім-тым з маладзёнаў і нібыта назаўсёды з імі развітаўся; заўсёды маркотны, задуманы і гэтай вясною хоча нас пакінуць, мяркуючы, што дзесьці там, у далёкіх краях, багацце плыве ракою.
 – Я не шукаю багацця, – адказваю, – а хачу пазнаёміцца з думкамі і жыццём людзей у тых далёкіх краях; у маладосці трэба вучыцца, трэба пабачыць свет.
 – Убачыш, зазнаеш і спасцігнеш, што і там, дзе зямля шчодра адорвае земляроба, дзе лясы цвітуць накшталт зямнога раю, – людзі ўсюды такія самыя, там толькі шчасце, дзе чалавек жыве так, як Бог загадаў: працуе рупліва і без хцівасці, не забывае бліжніх і спадзяецца на лепшае. У нашым краі доўгая і зменлівая зіма, часам мокрая, часам марозная і завейная, у лагчынах вада, а на пагорках паўночны вецер нішчыць пшаніцу і жыта, аднак жа дбайнасць і праца можа перамагчы ўсё. Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю добрыя сенажаці, завёў жывёлу, цяпер, дзякуй Богу, і палеткі родзяць. Паны, што маюць прыгонных, марнуюць багацце на карэты, уборы і карты; няраз вясною, калі ім бракуе грошай, ідуць да шляхціца Завальні. Хто працуе і спадзяецца на Бога – можа і тут быць шчаслівы і спакойны.
 – Я гэта добра ведаю, дзядзечка, але, жывучы ў гэтым краі, не чую і не бачу, што дзеецца на свеце, быццам вочы мае заслоненыя. Сумнае такое жыццё.
 – Вось што такое навука! Ужо неспакойны, хочаш яшчэ больш даведацца і лятаеш думкамі недзе там, далёка, хочаш бачыць вялікі свет, і таму цесна табе тут з намі, хочаш, як птах, вырвацца з клеткі.
 Родзька маўчаў і ўважліва слухаў гэтую размову. Нарэшце, глянуўшы на мяне, сказаў:
 – Нашы продкі не зайздросцілі багатырам, што жылі недзе там, у далёкіх краях, яны мелі ежу і вопратку са свае працы, а цяпер хцівасць прывяла злых духаў, каб здабывалі грошы з-пад зямлі, а таму смутныя гады і смутнае жыццё.
 – Родзьку, – сказаў я, – нязменна мрояцца злыя духі, а ўсё ж такі сам іх не бачыў.
 – Ці ж людзям не верыць? – сказаў рыбак. – Паніч, пэўна, не чуў, што здарылася на Сітнянскім возеры, а пра тое шмат хто апавядаў.
 – Не ведаю, што там было.
 – То я раскажу. Каля таго возера з аднаго боку вёска Сітна і дарога з Полацка на Невель, а з другога – густы і цёмны яловы лес. Летам у ціхае надвор’е схавалася сонца і зоркі паказаліся на небе; сяляне, вярнуўшыся з поля, завіхаліся ля хат і чуюць раптам, як нехта за возерам, каля самага берага, за цёмным лясным гушчаром, спявае. І так моцна ды вусцішна, што чароды перапалоханых качак падняліся ў паветра, звяры, выгнаныя з лесу, беглі па палях і пагорках, а сабакі скуголілі, нібыта перад вялікім няшчасцем. Жыхароў гэтае вёскі апанавала трывога, і дрыготка працінала іх целы, бо выразна пачулі словы тае песні:
І Сітна маё,
І Глубокая маё,
І Скобрыя маё,
І Шэвіна маё,
І Язна маё,
І Няшчыдра маё,
І Няведра маё,
І Невельское маё.
Як маё, дак маё і ўсё маё.

 Так спяваў нехта не адзін раз з вечара да самае паўночы – называючы ў гэтай песні не толькі азёры, але і ўсе рэчкі. Ісці туды, каб даведацца, хто гэта так жахліва спявае, усе баяліся. Нарэшце адзін смялейшы рыбак адважыўся; узяў дубовы кій, некалькі камянёў і ўвечары, калі той толькі пачаў спяваць, падышоў і з-за дрэва ўбачыў, што нехта, вопраткаю і тварам зусім падобны на асташа – барада шырокая, твар круглы, вялікі, у скураным фартуху, – сядзеў на гнілым пні і крычаў на ўсё горла. Думаючы, што гэта сапраўдны асташ спраўляе свае чарадзейскія абрады, рыбак сказаў:
 – Не прыўлашчай сабе нашыя азёры і рэчкі, – і з усяе моцы шпурнуў камень, трапіў чараўніку ў самы бок.
 – Ах, ах! Паламаў мне скабы! – закрычаў шатан і кінуўся ў ваду: ускалыхнулася ўсё возера, і хвалі пачалі плёскаць у берагі. Рыбак спалатнеў і затрымцеў ад страху. Але і шатан з таго часу ўжо больш ніколі не спяваў, прысвойваючы сабе нашы азёры і рэчкі.
 – О! Каб такім чынам, – сказаў дзядзька, – можна было пакараць усіх злых духаў, што шкодзяць людзям!
 – Спалохаўся каменя шатан, – сказаў Родзька, – але ёсць яшчэ на небе перуны страшнейшыя за яго. А таму, паніч, не пакідай нашую зямлю: будуць лепшыя часіны і лепей будзе жыць між сваіх.
 – Часы мяняюцца, і ў людзях перамена, – сказаў дзядзька. – Даўней наша моладзь не ведала і ведаць не хацела, што там дзеецца дзесьці ў далёкіх краінах, жылі ўсе спакойна і шчасліва; цяпер і на адукаваных нападае нейкі смутак: ледзь закончыў вучобу – ужо яму самотна, пакідае родныя палеткі, выпраўляецца ў далёкае падарожжа, мяркуючы, што чужы вецер развее яго неспакойныя думкі. Маю сыноў, і ім, пэўна, гэты мой дамок будзе цесны, уробленыя маёю працаю палі і гэтыя гаі не задаволяць іх жаданняў; не буду, аднак, пярэчыць ім, абы толькі Бог падмацаваў іх сэрцы любасцю да бацькавых звычаяў.
 – Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей.
 Родзька ўздыхнуў, узяў шапку і сак, у якім прынёс рыбу.
 – Спяшаешся дахаты? Аднак яшчэ не так позна, – сказаў дзядзька.
 – Ужо схавалася сонца, неба змрочнае, ноч будзе цёмная – трэба спяшацца.
 – Цяпер вялікі пост, калі зловіш што-небудзь, не забывай на мяне.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий