Янка Брыль — Цуды ў хаціне

Янка Брыль

Увага! Поўны змест

  Напрадвесні яшчэ ўсё то лядок, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаецца, а ступіш на зямлю — так і глядзі: зачэрпаеш лапцем гразі.
  Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця і халоднае.
  Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску па палявой дарозе.
  Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая і дужая, яна маўчыць, ідзе шырока і цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі.
  Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, а ў хаце былі сама ды малыя,— кідалася ад стала да парога і, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар са сваім неабдымным горам… Ды вось жыве, гаспадарыць.
  Толькі і радасці — дзеці. Андрэй і Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. I вучацца ўжо абодва, і дружаць. Трохі, вядома, распусныя, трэба глядзець…
  — Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне,— кажа яна, не азіраючыся.— Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.
  — Што ж мы, сабакі — выскаляцца? — адказвае большы, Андрэй.
  — Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе, нябось, усе свечкі і загараюцца!..
  Андрэеў хросны, дзядзька Макар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой. Порткі суконныя, шырозныя — ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валёнках, аж ногі не гнуцца.
  Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі у яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:
  — Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?
  I — эх! — заківаўся, замітусіўся па хаце. Кошык з бульбай кашкануў валёнкам пад палок, лап’ё, што ляжала на лаве, шпурнуў у запечак… А хата, хата ў яго!.. Цёмная, нізкая, ток пабіла на ямы.
  — Не прастарэкуй ты лішне, Макар. Садзіся вось ды шый.
  — А як жа ты, Лізаветка,— ты ж нешта прынесла?
  — Паспею. Дай хоць адсапціся.
  — Сядзь, дарагая, сядзь. Сагрэй бяседай сэрцайка. Яно ж і спяваецца: «Ах, божа ж мой, адзінота мая, прападае ўся работа мая!..»
  Хросны сеў за машыну, заварушыў вялізнымі валёнкам! на рашотцы, і першы цуд яго беднай хаціны — магутны «Зінгер» — загаманіў.
  Мішка спачатку, цікаўна застыўшы, сачыў, як скача-гуляе блішчасты шпянёк, як круціцца белая шпулька. А потым — усё адно і тое ж, адно і тое ж… I ён пачаў патроху ныць:
  — Мама, хадзем дадому… Мама…
  — Паспееш. I дыхнуць з-за вас няма калі.
  — Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.
  Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай і цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо… Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана — трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам і дастаў адтуль другі цуд свае хаты — кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.
  — Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут і ляжыць.
  У кнізе той цацкі — ну, як жывыя!..
  На першай старонцы — зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.
  На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках са шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады і вось-вось скажа: «П-пых!»
  — Цікні,— шапнуў Мішку Андрэй.— Мой хросны!
  I абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.
  — Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж…»
  А яны рагаталі, як дурні.
  Пасля пачалася прымерка.
  Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго.
  — Роўненькі, гладзенькі… Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка…
  — От, мерай ты, Макар. Каторая пара.
  — I паабедаеце, госцікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй — чым багат, тым і рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.
  Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам:

лізавецін. мішка. пятровіч. Штанэ

  Тады прыгнуўся са сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.
  — Ага,— схамянуўся ён, адагнуўшыся.— А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?
  — Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі — кавалеры! З засланкай ды з нагруднікам. Абодвум.
  — Даўжыня:  семдзесят  два,— сказаў і запісаў хросны.— Подшаг,— шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.
  Сам ён, хросны, маленькі і так, а сагнецца — дык і зусім. А за ім стаіць Андрэй. Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, і — зараза! — падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага і маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся і з натугі:
  — П-пых!
  Хлопчыкі пырснулі смехам.
  I мама здагадалася нарэшце што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, а кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.
  Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.
  Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут набудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя і круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў — яшчэ і бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто… Бо вось ён, стары ужо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў… Аж мама не вытрывала:
  — Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос? Хросны зірнуў на руку, здагадаўся і, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:
  — Сорак другі год так свянчуся… Ніяк не адвыкну… I ад душы зарагатаў.
  А з ім разам, вядома, і хлопцы.
  Нават і мама, што так даўно не смяялася.
  Трэці, найбольшы цуд!

1943

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий