Янка Купала — Хай жа вам так не здаецца…

Янка Купала

Хай жа вам так не здаецца,

Што бяда ўжо і зацісне.

Знайце, ліха ператрэцца,

I маланкай доля блісне.

Праўда, поўны сумаў весці

Буйны вецер нам прыносіць,

Што як з гора, як з балесці,

Каля нашых хат галосіць –

I галосіць, і заводзе,

Плача, як па дзетках маці,

Аж бы крыкнуў: годзе, годзе!

Годзе сэрца жалем рваці!

Але ўсё ж хай не здаецца,

Што бяда ўжо і зацісне, –

Наша ліха ператрэцца,

I маланкай доля блісне.

1906 г.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий