Янка Купала — Хохлік

Янка Купала

Як зайграе ў лесе хохлік, –
Замірае песень воклік;
Як зачэпіць мох і лозы, –
Аджываюць смех і слёзы…
 
Ў цёмным яры скачуць чары,
Кветка чахне на папары,
Лісць трасецца на асіне,
Вогнік блукаецца сіні.
 
Барадой лясун ківае,
Шалы нетрай спавівае;
Ваўкалак за дамавінай
Выпаўзае на пуціну.
 
Ад загону да загону
Хохлік царскаю каронай
Карануе у сусветы
Сухалесы, пустацветы.
 
Хохлік грае, ведзьма скача,
Ноч смяецца, сонца плача,
Толькі песень не чуваці
На стаптанай сенажаці.
 
1911

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий