Янка Купала — На Дзяды

Янка Купала

Хто там стогне так на ўзмежку,

На капцы у полі?

Як згубіўшы к долі сцежку,

Як не знаўшы долі.

 
Ці там вецер водзіць гулі

Так па самагубе, –

Бы сваё дзіцё матуля

Песціць ды галубе?

 
Ці над бацькаўскай магілай

Жаліцца сіротка,

Ці сваёй шукае мілай

Хлопец-адзінотка?

 
Ой, не плача брат над братам

На мяжы кургана,

А бядуе так душа там –

Звязана, скавана.

 
Хто умее слухаць, можа

Шмат пачуць чаго там;

Як прычытвае, нябожа,

Бы Лазар пад плотам.

 
Не жылося мне даўней так

(Льецца гэткі голас),

Не такі мой быў палетак,

Іншы меў ён колас.

 
Шла мая ў даль дзіва-сіла,

Як бы хвалі Нёмну;

На касе сваёй насіла

Княжацку карону.

 
Ніў маіх ніхто б не змерыў,

Не злічыў сялібаў;

Мела ў пушчах многа звера,

Многа ў водах рыбы.

 
Засядала, расцвітала

За гадамі годы;

Залатыя думкі ткала

З шчасця і свабоды.

 
Мелі страж гранічны вехі;

Гадавала дзетак

І чакала з іх пацехі,

Як вясною з кветак.

 
Трох сыноў дала судзьбіна

Да майго парога,

А такія – сын у сына,

Як нідзе, ні ў кога!

 
Іх пясціла, як умела,

Ласкаю вясёлай;

Красак, сонца не жалела

Я для іх, саколаў.

 
І раслі яны, раслі так,

Мае княжаняты,

На багацце, на прыбытак,

На вось тое свята.

 
Як са мною будуць разам

Жыці, панаваці,

Славы быць жывым абразам

У людзей і ў хаце…

 
Бегам беглі дні і ночкі,

Леты за лятамі…

І павыраслі сыночкі

Самі, як не самі,

 
Як дубы у полі чыстым,

Як сасонкі ў боры,

Як у небе абадзістым

Тыя свечкі-зоры, –

 
Так магутны, яснасветны

На пагляд былі ўсе,

Хоць да бою з апраметнай…

Ажна свет дзівіўся!

 
Ды ўдаліся, ой, сынкі мне

Не аднэй натуры,

Як бы тыя ноткі ў гімне

Цішы і віхуры.

 
Працавітага быў першы

Складу і нагібу,

Так, здаецца, што й памершы

Ўсё араў, касіў бы.

 
За другім была ахвота

К лежні, к панаванню;

За чужой бы жыў работай,

Спаў бы да змяркання.

 
Трэці ўсіх бы толькі мучыў –

Склад меў быці катам,

З паганякаю на ўзруччы

К здзекам быў заўзятым.

 
Вось такой натуры, складу

Ў іх я дачакала;

На дарма, як мёд-прынаду,

Думка ў думку ткала.

 
Не прышлось мне жыць на свеце

Ў славе і дастатку:

Загубілі родны дзеці,

Загубілі матку.

 
І сярэдні, і малодшы,

Родныя дзяціны,

Як мая – пайшлі к салодшай

Ласцы без прычыны.

 
Ў свет збрылі чужы дзівіцца,

Гнуць у ёрмы шыі…

І ўтапілі ў чужаніцы

Душы маладыя.

 
Заставаўся толькі старшы

Гаспадарыць дома,

Бо ад тых быў гаспадаршы,

Хоць быў ў іх за лома.

 
Заставалася адна я,

Сын адзін са мною,

Як той путнік на расстаі,

Летам і зімою.

 
Сяк ці так, жылось паволі

Ў палавіне з горам –

Тым у хаце, тым на полі,

А другім за морам.

 
Аж дакучыла, знаць, далей

Недзе так бадзяцца,

І сынкі збірацца сталі,

Ззадалёк вяртацца.

 
Як прыйшоў дамоў сярэдні,

Выглядаў багата,

Й не пазнаў, як звер паследні,

Ні мяне, ні брата.

 
Ў плуг запрог свайго браточка

Навек, да сканання,

А мяне асенняй ночкай

Выгнаў на бадзянне.

 
Як дамоў вярнуўся меншы,

Свету як увідзеў, –

Аказаўся дасціпнейшы,

Чым сярэдні, ў крыўдзе.

 
Над старэйшым братам ставіў

Стражы і запоры,

Цела ранамі крывавіў,

Здзекаваўся ў горы.

 
Здзекі далей строіць дай жа,

Ласку з сэрца выжыў:

Суд судзіў, што я – не я ўжо,

І распяў на крыжы.

 
Так мая краса завяла

І маёй сялібы!

Ліхата апанавала

І капцы, і скібы.

 
Адплацілі роднай матцы

Княжаняты-дзеці:

Відмай кінулі бадзяцца,

Сіратой гібеці.

 
Ходзяць, гоняць сухавеі

Праўданьку святую;

Брата брат не разумее,

Брата брат катуе.

 
Я на гэтым на кургане

Ўсё сяджу і плачу,

Ўсё чакаю змілавання,

Дый ніскуль не бачу.

 
Ці апомняцца сыночкі

У сваёй правіне?

Ці загінуць сярод ночкі,

Што і след загіне?..

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
Стогнуць ветрам калыханы

Ліпы ды бярозы,

А ноч сее скрозь туманы

Золь, слату, як слёзы.

 
Лапацяць крыламі жудка

Кажаны, начніцы,

Як бы суд спраўлялі тутка

Ведзьмы-чараўніцы.

 
А душа сама – без хаты,

Знаць, з вялікай мукі

То зрывае з сябе шаты,

То ў крыж зложыць рукі,

 
То паказвае на плечы,

То капец абойме…

Бог яго усё дарэчы

Зразумее, пойме!

 
Можа, з іншага хто краю

Скеміў бы сумленне,

Што яна там вычварае

З жалю і цярпення.

 
Што нам кажа ночкай цёмнай

На мяжы ў пракляцці,

Як Дзяды ў нас векапомны

Стануць адпраўляці.

 
1912

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий