Распаўзлася па абшары
Сцюжным пухам, сцюжнай марай
Папаўзуха-завіруха —
Злога духа злыбядуха.
Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыння,
Як у вечнай дамавіне.
Як у моры, ў белым снегу,
Без днявання, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў беспрыстанне
Едуць, едуць паязджане.
Едуць, едуць, ані следу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасвету, ні надзеі, —
Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.
Папаўзуха-завіруха
Шэпча, шэпча штось да вуха
Аб музыцы-дудаграі,
Аб пшанічным караваі.
Снежным надзячы начлегам,
Пасыпае сном і снегам,
Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,
Зазірае патарочай.
Маладога к маладусе,
Свата к свацці-пасядусе,
Да закосніцы закосню
Жах прытульна прыкаросніў.
Прытуліліся, як дзеці,
Як галубкі на рассвеце,
Як нішто ні знаць, ні ведаць,
І ўсё едуць, едуць, едуць.
А над імі збеядуха,
Папаўзуха-завіруха,
Снежнай хустаючы вехай,
Захліпаецца ад смеху.
1918