Янка Купала ў савецкай Беларусі

Янка Купала

  За часамі ўсталявання Савецкай улады дачыненні Купалы з афіцыйнымі коламі абумовілі пералом у ягонай творчасці. Быў перыяд нязгоды з антыбеларускімі палітыкамі, якія адмаўлялі ўсё нацыянальнае і па-за воляй беларусаў заключылі ганебную Рыжскую дамову. Пакрыёмны апазіцыянізм Купалы рэалізаваўся праз практыку "ўнутранай эміграцыі і маўчання" працяглы час паэт не пісаў вершаў. Пазней Купала дазволіў сабе супрацоўніцтва з Савецкай уладай на глебе беларусізацыі, культурнага адраджэння.
 Гэты пералом выявіўся ў хрэстаматыйных радках верша, напісанага ў 1924 г., лірычны герой якога абвяшчае:

… О так! Я – пралетар!..
Яшчэ учорах раб пакутны –
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!

Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся…
Адно… не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!

 Крытык Антон Адамовіч сцвярджаў, што верш быў адрасаваны паэту і палітыку, нацыянал-камуністу Цішку Гартнаму. Так ці іначай, паэт развітваўся з былымі марамі пра ідэальную Беларусь, і на іх месца прыходзіла сацыялістычная ява.
 Янка Купала ў перыяд напісання твораў для зборніка "Безназоўнае"  і крыху пазней яшчэ выглядае гарманічным у выказванні думкі і пачуцця, але пазней гэтая гармонія знікне. На пачатку сталінскага тэрору, у перыяд вынішчэння т. зв. нацдэмаў над паэтам навісае смяротная небяспека. Яго абвінавачваюць у стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі, цягаюць на допыты, і пад невыносным псіхалагічным уціскам Купала здзяйсняе няўдалую спробу самагубства. Канчатковы пералом у яго творчым жыццяпісе пазначыў пакаянны ліст, які паэт накіраваў у газету "Звязда". У гэтым лісце ён вінаваціцца ў грахах, якіх у яго не было, выракаецца сваіх былых сяброў і паплечнікаў па "Нашай Ніве", вымаўляе сказ з шматзначным падтэкстам: "Ніколі я не паміраў". Але духоўны і творчы стан зламанага паэта набліжаецца да агоніі.
 Янка Купала ў 1930-я гады – гэта вонкава шчаслівы, аблашчаны ўладамі паэт, у якога ёсць усё: дабрабыт, пажыццёвая пенсія, званне народнага паэта і ўзнагароды, сядзіба каля Свіслачы і лецішча Ляўкі на стромым беразе Дняпра, уласнае аўто і кіроўца… Няма толькі спакою, упэўненасці ў будучыні. Купала стварае ў гэты час узоры сервільнай, а гэта значыць, няшчырай паэзіі, бо мусіць так рабіць, каб ацалець і ўратаваць сябе і сваю сям’ю. Шэраг вершаў ён прысвячае Іосіфу Сталіну, удзельнічае ў напісанні калектыўнага "Пісьма беларускага народа Вялікаму Сталіну" (1936), хоць вядома, што "правадыра ўсіх народаў" Купала ненавідзеў.
 Кампраміс паміж талентам, не прыстасаваным да служэння, і сумленнем Купала знаходзіў у фалькларызацыі, спрашчэннях. Творы "пад заказ" ён пісаў у манеры "стук, грук, абы з рук". У вершах "ляўкоўскага цыклу" паэт стварыў вобраз калгаснай утопіі, яшчэ адзін рай на зямлі, пра які ён некалі марыў у паэме "Яна і я". Несвабода паэта, якому загадвалі тварыць на тую або іншую тэму, вазілі на сацыялістычныя будоўлі, у тым ліку на Салаўкі і Беламорканал, часам праглядаецца ў падтэксце сервільных твораў, прыкладам, у вершы "Хлопчык і лётчык", герой якога выказвае рызыкоўнае жаданне:

Мне ўжо надакучыла дома –
Ў дзіцячы хадзі адно сад.
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.

 Філасофію купалаўскай творчасці параўноўваюць з палётам чалавечага духу, які пераадолеў зямны цяжар, узняўся над побытам і прыземленай экзістэнцыяй. Смерць Купалы параўноўваюць з Ікаравым падзеннем. Ён загінуў за часамі другой сусветнай вайны, у Маскве, куды быў выкліканы з сяла Пячышчы на Волзе, нібыта для таго, каб быць ушанаваным на чарговым сваім юбілеі. Загадкавая гібель Купалы, прычыны яго падзення ў лесвічны пралёт у гатэлі "Масква", дзе ён спыніўся, дагэтуль з’яўляюцца загадкай для біёграфаў.
 Відавочныя вонкавыя прычыны, якія так або інакш прывялі да смерці паэта – яго нязгода з рэжымам, цкаванне з боку ўладаў.

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий